Новости Молодечно и Молодечненского района

Пасадзілі лес для будучых пакаленняў у рамках рэспубліканскага суботніка

  • 2020-04-30 08:25:19
  • Алег Бяганскі

Адной з пляцовак была лясная дзялянка ля дарогі Капачы — Броды. Дрэвы на ўчастку пацярпелі ад шкоднікаў. На дзялянцы правялі санітарную высечку. І вось надышоў час аднавіць зялёны масіў.

Пяць тысяч саджанцаў сасны звычайнай і бярозы былі пасаджаны на плошчы 0,8 гектара. Выкарыстоўваўся пасадачны матэрыял сасны з закрытай каранёвай сістэмай. Такая тэхналогія дазваляе аднаўляць лясы найбольш эфектыўна. Саджанцы забяспечаны запасам пажыўных рэчываў, таму хутка прыжываюцца і добра растуць.

Высаджвалі маладыя дрэўцы старшыня Маладзечанскага райвыканкама Юрый Горлаў разам з намеснікамі, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Людміла Канановіч, старшыня раённага Савета дэпутатаў Андрэй Паўкшта, лесаводы, работнікі райвыканкама, раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, супрацоўнікі ГРАНС, прадстаўнікі раённага аб’яднання прафсаюзаў.

Работа на дзялянцы кіпела. Гэтаму спрыяла надвор’е. Людзі працавалі з поўнай аддачай. Удзельнікі суботніка раз-пораз накіроўваліся па саджанцы. Праз некалькі дзясяткаў гадоў маладыя дрэўцы стануць магутнымі волатамі.

— Работу, якую мы выконваем, абавязкова ацэняць будучыя пакаленні, — падкрэсліў Юрый Горлаў. – Адноўлены лес будзе ўпрыгожваць раён.

Юрый Мікалаевіч падкрэсліў, што ў раёне праводзіцца вялікая работа па навядзенні парадку на зямлі. У красавіку аб’яўлены тэматычны месячнік. Добраўпарадкаванне адбываецца ў горадзе і сельскай мясцовасці пры актыўным удзеле сельвыканкамаў, працоўных калектываў, неабыякавых грамадзян. Асаблівая ўвага надаецца месцам, звязаным з падзеямі Вялікай Айчыннай вайны. І гэта невыпадкова. Раён павінен годна сустрэць знакавую дату – 75-годдзе Вялікай Перамогі.

Старшыня райвыканкама нагадаў, што парадак на зямлі залежыць ад кожнага з нас. Таму падтрымліваць чысціню вакол сябе трэба ўсім жыхарам Маладзечаншчыны.

У дадатак. У рэспубліканскім суботніку прынялі ўдзел каля 2,3 мільёна беларусаў, пералічана прыкладна 8,7 мільёна рублёў. Грошы пойдуць на падрыхтоўку дзіцячых лагераў да лета, аднаўленне мемарыяльных комплексаў, месцаў баявой і воінскай славы часоў Вялікай Айчыннай вайны, добраўпарадкаванне і прывядзенне ў належны стан населеных пунктаў.

Алег БЯГАНСКІ.

Фота: Віталій КРУПЯНЬКОЎ.