У мінулым сезоне атракцыёны ў парку Перамогі наведалі звыш 15 тысяч чалавек. Яго начальнік Аляксандр Фалей заўважае, што гэта нямнога. Напрыклад, два гады таму было прададзена амаль 40 тысяч білетаў. Попыт на атракцыёны, на яго погляд, залежыць ад надвор’я. Як пойдуць справы сёлета — пакажа час. У канцы красавіка атракцыёны пачнуць працаваць у тэставым рэжыме. Афіцыйна чарговы сезон распачнецца з першага мая.
Гэтымі днямі ў парку наводзяць парадак і дыягнастуюць атракцыёны. Іх дзесяць. Да новага сезона рэканструююць «Дзіцячую пляцоўку». Хлопчыкам і дзяўчынкам павінен спадабацца міні-скаладром, які тут з’явіцца. На працягу сезона зманціруюць «Паласу перашкод». Атракцыён ужо заказалі ў Кітаі. На яго набыццё выдаткавана звыш 12000 рублёў з уласных сродкаў УП «Камунальнік».
Цэны на білеты для наведвальнікаў пакуль не зацверджаны. Але, як заўважыў Аляксандр Фалей, яны не павышаліся ўжо два гады. Самыя дарагія – тры рублі – былі на «Лятаючую талерку» і «Зігзаг». Самыя танныя каштавалі ў два разы менш і прадугледжваліся на найбольшую колькасць атракцыёнаў. Сёлета плануецца ўвесці білеты, якія будуць дзейнічаць на «Дзіцячай пляцоўцы» на працягу дня. На жаль, атракцыёнаў для дарослых няма — яны надзвычай дарагія.
Экзамен для дзяжурных
Цяпер ідзе набор персаналу на сезон — даволі праблемнае пытанне для парку. Асабліва гэта тычыцца дзяжурных па атракцыёнах. Перш чым прыступіць да работы, яны павінны здаць экзамен і прайсці стажыроўку ва УП «Камунальнік». Іспыты – камп’ютарныя тэсты, якія складаюцца амаль з 300 пытанняў па тэхніцы бяспекі, устройстве атракцыёнаў, аказанні першай медыцынскай дапамогі. На кожнае прапануецца па 4-5 варыянтаў адказу.
— Закрыць часовыя вакансіі пенсіянерамі, як гэта было раней, амаль немагчыма. Многія з іх проста не валодаюць камп’ютарамі. Хаця ёсць і «прасунутыя карыстальнікі», якія працуюць у нас ужо не першы сезон. Далучыць да работы студэнтаў таксама не проста – канікулы ў іх, як правіла, у ліпені і жніўні, а сезон у парку доўжыцца з мая па верасень. Да таго ж у нас спецыфічны графік работы: з серады па пятніцу — з 14.00 да 21.00, у суботу і нядзелю – з 11.00 да 22.00, выхадныя – у панядзелак і аўторак, — зазначае Аляксандр Міхайлавіч. – Найчасцей да нас прыходзяць людзі, якія нечакана страцілі работу альбо знаходзяцца ў яе пошуках. Падбіраць кадры дапамагае таксама служба занятасці ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама.
Пра бяспеку
Не менш актуальная праблема, на якую начальнік парку звяртае асаблівую ўвагу бацькоў, — бяспечнае карыстанне атракцыёнамі. Ён заклікае дарослых улічваць асаблівасці здароўя, характару, паводзін і фізічныя магчымасці сваіх дзяцей.
— Інструкцыі і правілы карыстання атракцыёнамі замацаваны на кожным. Але рэдка хто чытае іх, — працягвае субяседнік. — Іншым разам хлопчыкі і дзяўчынкі баяцца, а дарослыя ўгаворваюць іх.
Здараецца, што бацькі садзяць сваіх сыноў і дачок у зачыненыя атракцыёны, як правіла, гэта адбываецца ў выхадныя для парку дні. Аляксандр Міхайлавіч прыгадаў выпадак, калі на адным з атракцыёнаў ланцугом пачало абкручваць і сціскаць дзіця. Гэта таксама здарылася ў выхадны для парку дзень. На шчасце, малое ўдалося ўратаваць.
А. Фалей разам з рабочымі аглядае атракцыёны.
Псуюць лаўкі і дрэвы, выгульваюць сабак без наморднікаў
Работнікі парку разам з праваахоўнікамі змагаюцца і з вандалізмам. Нярэдка хуліганы псуюць атракцыёны, агароджы, лаўкі, сметніцы, зялёныя насаджэнні, клумбы. Летась, каб адшукаць зламысніка, нават давялося выстаўляць ачапленне.
— Вялікай праблемай для нас з’яўляецца выгул у парку сабак без наморднікаў. Гаспадары спускаюць іх з павадкоў, не прыбіраюць за імі. Гэта недапушчальна ў месцах масавага знаходжання людзей! — гаворыць Аляксандр Фалей. – Сабакі могуць напалохаць, асабліва дзяцей. Летась, напрыклад, адзін мужчына нацкаваў сабаку на нашага вартаўніка.
… Многія гараджане нават не задумваюцца аб тым, колькі сіл даводзіцца прыкласці работнікам УП «Камунальнік» і, у прыватнасці, парку, каб тут было прыгожа, чыста і ўтульна. Такі падыход павінен стаць нашым агульным клопатам.
Фота: Аляксей ПЛАТКО.