Новости Молодечно и Молодечненского района

Па «клаве» стукаць – не мяхі варочаць

  • 2018-04-04 11:27:36
  • Аляксандр Лазоўскі

Адразу прашу прабачэння ў чытачоў газеты за такі загаловак: у ім сапраўды адчуваецца катэгарычнасць меркавання. Але менавіта так, а то і больш катэгарычна, выказваюцца некаторыя наведвальнікі інтэрнэт-рэсурсаў. Асабліва калі абмяркоўваюць вострыя тэмы. А іх у нашым паўсядзённым жыцці нямала, гэтых вострых тэм.

Нядаўна на інтэрнэт-рэсурсах Млын.by і ТуТ.by з’явілася інфармацыя аб тым, што маладзечанскія вадзіцелі скардзяцца на дрэнны стан дарог пасля зімы (мы таксама размясцілі на сайце гэты матэрыял). Яшчэ больш, называюць стан дарог «жахлівым» . Тэму развіваюць далей: плацім дарожны падатак, але добрых дарог не бачым. У якасці «групы падтрымкі» выступае ана-німны работнік невядомай СТА аўтамабіляў, эксперта – супрацоўнік Дзяржаўтаінспекцыі райаддзела міліцыі. Крытычныя стрэлы – у бок «Камунальніка». А ўжо ў каментарыях якіх толькі меркаванняў няма! Усё як заўсёды.

Аўтар гэтых радкоў – аўтамабіліст з працяглым стажам ваджэння. Дысцыплінаваны: тэхагляд праходжу ў тэрмін, падаткі плачу поўнасцю. Езджу па вуліцах райцэнтра і сельскіх населеных пунктаў, па асфальце і прасёлачных дарогах. Бачу іх стан, заўважаю перамены. Абураюся безгаспадарчасцю, тымі ж ямамі і выбоінамі. Газета, галоўным рэдактарам якой працую, рэгулярна звяртаецца да вострай тэмы, публікуе і крытычныя матэрыялы, і пра станоўчы вопыт расказвае. Словам, мы не адвакаты нечыя, не ментары, не крытыканы. Разам з тым за аб’ектыўнасць і аналіз праблемы ў поўным аб’ёме.

Клімат у Беларусі вядома які: дванаццаць месяцаў восень, крыху зімы – астатняе лета. Недзе з лістапада па красавік камунальныя і дарожныя службы высыпаюць на вуліцы і дарогі сотні тон пяску і солі. Без іх у нас нельга. Як уздзейнічае такая «грымучая сумесь» на асфальтавае пакрыццё, асабліва калі адліга ўступае месца замаразкам і наадварот – вядома кожнаму. А тут яшчэ небывалая да гэтага часу нагрузка на праезную частку (Маладзечна, на жаль, не мае аб’язной дарогі, і ніхто не ведае, калі яна з’явіцца).

Усе «кішэні» і вуліцы нашага горада застаўлены аўтамабілямі, хіба акрамя цэнтральных. Па правай крайняй паласе руху няма, належным чынам дагледзець яе – пачысціць снег, падмесці пясок – таксама немагчыма. Уся нагрузка кладзецца на сярэднія палосы. Адсюль і выбоіны, ямы як з рога дастатку.

Давайце будзем сумленнымі да канца: мы, уладальнікі асабістага аўтатранспарту, таксама не белыя і пушыстыя. З многіх аўтамабіляў (іх па-рознаму называюць, найчасцей «карчамі») шчодра выліваюцца масла і салярка, тэхнічныя вадкасці. А там, дзе яны выцеклі на асфальт, чакай у хуткім часе новую яму.
У што ператварыліся нашы двары – і гаварыць не даводзіцца. Але ці бачыў хто-небудзь вадзіцеля з лапатай альбо мяцёлкай, які б наводзіў парадак вакол свайго «жалезнага каня»? Хутчэй з вядром і шампунем: гнаць на мыйку – лішняя марока.

Каб работнікі камунальнай службы паддаліся на заклінанні каментатараў згаданых мной сайтаў і хуценька пачалі кідаць гарачы асфальт у ваду, на снег, то лаўраў герояў не сабралі б. Трэба ўсё ж дачакацца спрыяльнага надвор’я і прыступіць да рамонту дарожнага пакрыцця. Без аўралу і спешкі, але адказна і якасна. Прынамсі не цяп-ляп. Тым, хто кіруецца не эмоцыямі, а логікай, паказуха не патрэбная. А аўтаўладальні-каў папрасіў бы заклапочанасць станам вуліц і дарог выказваць не на інтэрнэт-рэсурсах, а канкрэтнымі дзеяннямі – прыбраць вакол свайго аўтамабіля, яшчэ раз праверыць яго тэхнічны стан і ліквідаваць непаладкі, своечасова плаціць падаткі. Так-так, тыя самыя падаткі, вакол якіх столькі страсцей. Хочаш катацца…