У цырымоніі прынялі ўдзел прадстаўнікі райвыканкама і райсавета дэпутатаў, мясцовыя жыхары, абаронцы Айчыны, вучні Выверскага вучэбна-педагагічнага комплексу дзіцячы сад – базавая школа. Усе разумелі важнасць падзеі. Людзей аб’ядноўвала памяць пра мінулае і ўдзячнасць за ратны подзвіг загінулых салдат.
— У страшныя гады Вялікай Айчыннай за мір і свабоду ваявалі нашы дзяды і прадзеды, — звярнуўся да прысутных старшыня раённага Савета дэпутатаў Андрэй Паўкшта. — Дзякуючы ім сёння мы жывём пад мірным небам, не бачым смерцяў, не чуем разрываў снарадаў. Таму тыя, хто змагаўся за Радзіму, заслугоўваюць павагі і памяці ўдзячных нашчадкаў.
Адпеў воінаў настаяцель храма ў гонар свяціцеля Панцеляймона ў вёсцы Выверы айцец Яўгеній Саўчук.
Пасля астанкі салдат былі пахаваныя. Памяць аб загінулых ушанавалі хвілінай маўчання. На могілках прагучалі залпы ваеннага салюту. Свежую магілу накрылі кветкі. Вянок усклалі Андрэй Паўкшта і начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Соф’я Філістовіч. Ля пахавання ўрачыстым маршам прайшлі салдаты і афіцэры.
Астанкі аднаго з загінулых воінаў былі знойдзены на тэрыторыі Радашковіцкага сельсавета за 300 метраў ад вёскі Залессе.
Устанавіў тое, што тут пахаваны салдат, былы кіраўнік пошукавага атрада «Доўг» Вячаслаў Брыштан. Яго сын Дзмітрый удакладніў інфармацыю. Пацвердзіла звесткі былая жыхарка вёскі Ганна Палянская.
Ад старэйшых вяскоўцаў яна пачула, як у 1943 годзе ў Залессе прыйшоў паранены салдат. Людзі выходжвалі байца, але выратаваць не змаглі. Перад смерцю воін сказаў, што родам ён з Сібіры, а завуць яго Мікалаем. Дакладнае прозвішча (Сой або Сысоеў) сяляне не запомнілі.
Астанкі яшчэ аднаго ваеннаслужачага на тэрыторыі Мясоцкага сельсавета ў лясным урочышчы Зарой знайшоў жыхар Хажова Сяргей Цярэшчанка. На адной з палян ён убачыў стары шланг ад процівагаза. Пацягнуў за яго. Зямля прасыпалася, і паказаліся астанкі чалавека.
Мясцовыя жыхары паведамілі, што загінуў воін у 1941 годзе. Раней на гэтым месцы да дрэва быў прыбіты кацялок з надпісам «Н. Ивкин».
Раскопкі пахаванняў праводзілі ваеннаслужачыя 52-га асобнага спецыялізаванага пошукавага батальёна. Дапамогу ў пошуку і арганізацыі перапахавання аказалі кіраўнікі Маладзечанскага райвыканкама, Радашковіцкага і Мясоцкага сельвыканкамаў, ваенны камісарыят Маладзечанскага і Валожынскага раёнаў.
Фота: Алег БЯГАНСКІ.