Новости Молодечно и Молодечненского района

Олехновичская птицефабрика набирает обороты

  • 2020-04-24 11:03:17
  • Алег Бяганскі

Пачалі з навядзення парадку

— Збанкрутаваную фабрыку на аўкцыёне выкупіў агракамбінат «Колас», — гаворыць дырэктар птушкафабрыкі Уладзімір Бабёр. – Стан яе тэрыторыі і вытворчых памяшканняў на той час вымушаў жадаць лепшага. Наваколле зарасло хмызняком і пустазеллем. Многія пабудовы развальваліся. Неабходна было нанава фарміраваць калектыў.

Маштабныя пераўтварэнні пачаліся ў пачатку мінулага года. Перш за ўсё была праведзена санітарная апрацоўка тэрыторыі. Увесь верхні пласт глебы зняты, аварыйныя пабудовы знесены. Спецыялісты праклалі кіламетры камунікацый. Правялі рэканструкцыю вытворчых памяшканняў.

Дзякуючы інвестыцыям фабрыка адрадзілася. Сёння дзейнічаюць 11 птушнікаў, рыхтуюцца да запуску яшчэ два. У кожным утрымліваецца каля 5 тысяч качак. У памяшканнях зманціравана ўнікальнае абсталяванне для падтрымання мікраклімату.

На прадпрыемстве працуюць 34 чалавекі (у асноўным мясцовыя жыхары). Птушніцы за месяц зарабляюць каля тысячы рублёў. Першая партыя прадукцыі была адпраўлена на рэалізацыю ў кастрычніку мінулага года.

Нованароджаныя з Францыі

Уладзімір Генадзьевіч паведаміў, што на фабрыцы вырошчваюць качак пароды Мулард (гібрыд пекінскай і мускатнай качкі). Птушка адрозніваецца добрым імунітэтам, хутка расце, не схільная да захворванняў. Смакавыя якасці мяса высока цэняцца. Вывелі пароду ў Францыі.

— У Аляхновічы паступаюць сутачныя качаняты, — патлумачыў субяседнік. – Прывозяць птушак з Францыі ў спецыяльных кантэйнерах на 80 качанят. У час падарожжа забяспечваецца неабходны тэмпературны рэжым. Граніцу жывы груз праходзіць без затрымак па «зялёным калідоры». На Маладзечаншчыне да прыезду навасёлаў старанна рыхтуюцца. І гэта не дзіўна, бо падапечныя па-
трабуюць асаблівых умоў утрымання і спецыяльных кармоў.

На фабрыцы выкарыстоўваюцца тры віды кармоў у залежнасці ад узросту качанят. У птушніках падтрымліваецца пастаянная тэмпература (у першыя дні знаходжання маладняку яна складае 28-30 градусаў). Апаратура адсочвае вільготнасць паветра, яго склад, іншыя параметры. Вытворчасць камп’ютарызаваная. Асаблівая ўвага надаецца захаванню санітарных норм. Скучанасць птушак не дапускаецца.

— У качак заўсёды свабодны доступ да корму і вады. У якасці подсцілу выкарыстоўваюцца апілкі. У памяшканнях пастаянна праводзіцца дэзынфекцыя. Утрымліваюцца птушкі 45 дзён, потым іх адпраўляюць на забой. За год плануем здаць 900-950 тон экалагічнай прадукцыі ў жывой вазе. Пастаўляецца яна ў гандлёвыя сеткі па ўсёй Беларусі і на экспарт, — падкрэсліў Уладзімір Бабёр.

Рэканструкцыя прадоўжыцца

Галоўны інжынер птушкафабрыкі Аляксандр Богуш адзначыў, што рэканструкцыя вытворчасці будзе прадоўжана. Так, запланавана будаўніцтва комплексу для бацькоўскага статка і атрымання яек для інкубацыі. Адпаведна будзе павялічвацца штат работнікаў. Вырастуць аб’ёмы пастаўкі прадукцыі спажыўцам.

— Аляхновіцкая птушкафабрыка адраджаецца. На гэтым адказным этапе ад усіх спецыялістаў патрабуецца поўная аддача. Максімальна задзейнічаны чалавечыя і вытворчыя рэсурсы. У калектыве з адказнасцю ставяцца да выканання задач, — заўважыў Аляксандр Віктаравіч.

Алег БЯГАНСКІ.

Фота: Аляксей ПЛАТКО.