Новости Молодечно и Молодечненского района

Об итогах работы Молодечненского районного объединения профсоюзов

  • 2018-04-28 06:22:52
  • Аляксандр Лазоўскі

– Таццяна Пятроўна, 1 мая для прафсаюзаў не толькі «прафесійнае» свята, але і дзень, калі падводзяцца вынікі зробленага за цэлы год. Якімі набыткамі сустракаеце вы яго?
– За апошні год прафсаюзнымі арганізацыямі Маладзечаншчыны нямала зроблена ў справе абароны працоўных правоў членаў прафсаюзаў. Так, напрыклад, за ўказаны перыяд у калектыўныя дагаворы ўнесена больш за 50 змяненняў і дапаўненняў, якія паляпшаюць умовы працы. З чатырма работнікамі па ініцыятыве прафсаюзаў былі падоўжаныя кантракты, адзін быў адноўлены на рабоце. За 2017 год раённым аб’яднаннем прафсаюзаў праведзена 45 маніторынгаў па ахове працы, выяўлены 164 парушэнні, выдадзена 45 рэкамендацый.

Што да Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, то ёю распрацаваны і ўнесены на разгляд урада больш за 40 прапаноў па дапаўненні ў праект закона па змяненні Працоўнага кодэкса. Напрыклад, гэта прапанова аб абмежаванні няпоўнага працоўнага дня, якая абумоўлена праблемай схаванага скарачэння работнікаў, калі асобныя наймальнікі для таго, каб паменшыць выплаты пры аптымізацыі штату, замест працэдуры скарачэння ўжываюць працэдуру істотнага змянення ўмоў працы. І, напрыклад, устанаўліваюць няпоўны рабочы дзень працягласцю 1-2 гадзіны з адпаведнай аплатай працы. Гэта вымушае работнікаў спыняць працоўныя адносіны ў сувязі са змяненнем істотных умоў працы. І ў выніку чалавек атрымлівае выхадную дапамогу ў памеры двухтыднёвага сярэдняга заробку, а не трохразовага сярэднямесячнага.

Яшчэ адна прапанова – працягваць або перазаключаць кантракты з добрасумленнымі работнікамі на максімальна працяглы тэрмін альбо пераводзіць іх на бестэрміновы працоўны дагавор з захаваннем усіх сацыяльных і матэрыяльных гарантый. Такая норма сёння ўключана ў якасці рэкамэндацыйнай ў Генеральнае пагадненне, у шэраг галіновых пагадненняў і многія калектыўныя дагаворы. Але для таго, каб яна ўжывалася паўсюдна, і каб выключыць суб’ектывізм пры прыняцці рашэнняў аб працягу працоўных адносін з работнікамі, лічым неабходным замацаваць у Працоўным кодэксе.

– Пачынаючы ад мая мінулага года ФПБ праводзіць так званы «народны» маніторынг цэн на сацыяльна значныя тавары і паслугі. Раскажыце аб выніках гэтай ініцыятывы.

– Наша галоўная задача не проста адсачыць узровень цэн, а супаставіць атрыманыя даныя з узроўнем даходаў людзей, каб вызначыць, наколькі гэты рост адпавядае росту даходаў насельніцтва, ці дазваляе заработная плата ў канкрэтным рэгіёне або населеным пункце купляць неабходныя прадукты, тавары і аплачваць паслугі.

Маніторынг цэн на харчаванне на дадзены момант праводзіцца па ўсіх раёнах і дзесяці гарадах абласнога падпарадкавання, гэта значыць, у 137 тэрытарыяльных адзінках, у 274 магазінах па 98 таварных пазіцыях.

Прафсаюзныя актывісты звярнулі ўвагу на тое, што сярэдняя зарплата па краіне за жнівень 2017-га — люты 2018 года вырасла нязначна – на 0,7%, а кошт набору неабходных прадуктаў спажывецкага кошыку – на 7,7%. Акрамя таго, падаражэлі і паслугі. Прафсаюзы праінфармавалі пра гэта ўрад, а таксама дэталёва абмеркавалі гэтую тэму ў час пасяджэння Нацыянальнага савета па працоўных і сацыяльна-эканамічных пытаннях.



– Летась у верасні ФПБ падпісала пагадненне аб узаемадзеянні з Генеральнай пракуратурай. Вядома, што на рэспубліканскім узроўні праводзяцца сустрэчы, абмен інфармацыяй па найбольш значным для членаў прафсаюзаў пытаннях. Як гэта ўзаемадзеянне пабудавана на раённым узроўні?

– Сапраўды, пагадненне ўжо рэалізуецца на практыцы. Асноўны напрамак дзейнасці сёння – гэта правядзенне сумесных прававых прыёмаў, якія праходзяць ва ўсіх гарадах краіны кожны апошні чацвер месяца. Толькі за мінулы год па краіне на такіх прыёмах пабывалі каля чатырох тысяч чалавек. У нашым раёне таксама праводзіліся сумесныя прававыя прыёмы з работнікамі пракуратуры. На іх звярнулася больш за 40 чалавек. У асноўным пытанні вырашаліся на месцы, аказвалася дапамога пры складанні іскавых заяў у суд, па аказанні матэрыяльнай дапамогі членам прафсаюза. Аднак застаецца на кантролі пытанне былых работнікаў ліцейнага завода, якім ужо больш за два гады пасля ліквідацыі прадпрыемства не могуць выплаціць заработную плату. На жаль, на заводзе ў свой час не было прафсаюза, і гэта вельмі ўскладняе аказанне дапамогі.

Прафсаюзы і пракуратура таксама абмяркоўвалі пытанне прыцягнення работнікаў да матэрыяльнай адказнасці за шкоду, прычыненую наймальніку пры выкананні працоўных абавязкаў. Для вырашэння праблемы Нацыянальны савет па працоўных і сацыяльных пытаннях накіраваў зварот у Вярхоўны суд з прапановай перагледзець сітуацыю са спагнаннем штрафаў з работнікаў. Прадстаўнікі пракуратуры згодныя, што гэта праблема патрабуе дэталёвага разгляду і заканадаўчага рашэння.

– Дарэчы, сёння, 28 красавіка, адзначаецца Сусветны дзень аховы працы. Відавочна, што прафсаюзы шмат робяць у гэтым кірунку…
– Пытанні аховы працы – адна з асноў дзейнасці прафсаюзаў. Толькі на тэрыторыі Маладзечанскага раёна ў арганізацыях і на прадпрыемствах ажыццяўляюць сваю дзейнасць 211 грамадскіх інспектараў і 32 грамадскія камісіі па грамадскім кантролі за захаваннем заканадаўства аб ахове працы. Маніторынг вызначыў асноўныя праблемы пры арганізацыі аховы працы ў раёне. Калі прадпрыемства працуе ста-
більна, то там у парадку і нормы выдачы спецадзення, і пакоі прыёму ежы і інш. Калі ж не, то ўсё наадварот.
Значную работу па ахове працы праводзяць прафсаюзныя арганізацыі Маладзечанскіх электрасетак, ЗАТ «Маладзечнамэбля», Мінскага мэблевага цэнтра, «Камунальніка», электрамеханічнага завода.
Наогул жа кантроль за выкананнем патрабаванняў аховы працы праводзіцца пастаянна. Так, напрыклад, напярэдадні пасяўной кампаніі тэхнічная інспекцыя ФПБ правяла месячнік грамадскага кантролю за выкананнем заканадаўства аб ахове працы ў сельскагаспадарчых арганізацыях. Усяго маніторынгам былі закрануты больш за 300 сельгасарганізацый краіны.

Канстатацыяй фактаў прафсаюзы не абмежаваліся – наймальнікі атрымалі рэкамендацыі і канкрэтную дапамогу для ўхілення выкрытых недахопаў.

– Дзякуй, Таццяна Пятроўна, за інтэрв’ю і за віншаванне нашых чытачоў з Першамаем!