Новости Молодечно и Молодечненского района

Об идентефикации домашних животных в Молодечненском районе

  • 2017-09-22 10:44:10
  • Людміла Цар

У студзені 2016-га дакумент уступіў у сілу і закрануў не толькі сельскагаспадарчыя і перапрацоўчыя прадпрыемствы, але і ўладальнікаў сельскагаспадарчых жывёл (індывідуальных прадпрымальнікаў і грамадзян). Законам прадугледжаны пераходны перыяд у два гады. За гэты час павінны быць ідэнтыфікаваныя і зарэгістраваныя ўсе сельскагаспадарчыя жывёлы, якія трапляюць пад дзеянне закона. Нормы і патрабаванні дакумента растлумачыў намеснік начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Юрый БРЫЛЬ.

— Юрый Генрыхавіч, якая асноўная мэта прыняцця гэтага закона?
— Закон накіраваны на стварэнне дзяржаўнага рэгулявання і бяспекі харчовай сыравіны і прадуктаў жывёльнага паходжання. Ён закліканы забяспечыць кантроль на кожным этапе вырошчвання жывёлы, пачынаючы ад нараджэння, перамяшчэння, правядзення лячэбна-прафілактычных і дыягнастычных мерапрыемстваў да забою, перапрацоўкі і рэалізацыі.

— Галоўным у дакуменце з’яўляецца слова «ідэнтыфікацыя». Што  маецца на ўвазе?
— Ідэнтыфікацыя – гэта працэдура прысваення сельскагаспадарчай жывёле ідэнтыфікацыйнага (асабістага) нумара для ўстанаўлення звестак аб ім. Даныя па кожнай зарэгістраванай жывёле заносяцца ў дзяржаўную інфармацыйную сістэму ідэнтыфікацыі, рэгістрацыі, прасочвання жывёлы і прадукцыі сельскагаспадарчага жывёльнага паходжання ў Рэспубліцы Беларусь (ІС AІTS).

— Якія сельскагаспадарчыя жывёлы падлягаюць ідэнтыфікацыі?
— Пяць асноўных відаў: буйная рагатая жывёла, коні, авечкі, козы, свінні. Акрамя таго, маецца на ўвазе мяса і малако буйной рагатай жывёлы, авечак, коз і коней, а таксама мяса свіней, мясная і малочная прадукцыя, атрыманая з мяса і малака названых жывёл. Уладальнікі жывёл на прыватных падворках павінны ідэнтыфікаваць іх толькі ў тым выпадку, калі плануюць выкарыстоўваць жывёлу або прадукты жывёльнага паходжання не для сябе, а для атрымання прыбытку. Гаспадар, якія трымае карову і здае малако дзяржаве або прадае на рынку, павінен выконваць патрабаванні закона. Малочныя заводы і камбінаты будуць прымаць малако толькі ад ідэнтыфікаваных і зарэгістраваных жывёл. Гэта трэба ведаць і тым гаспадарам, якія плануюць здаваць сыравіну на мясакамбінат.

— Якім чынам ідэнтыфікуецца жывёла?
— Буйная рагатая жывёла, а таксама коні, авечкі, козы і свінні ідэнтыфікуюцца індывідуальна. Для буйной рагатай жывёлы прадугледжана выкарыстанне дзвюх бірак: простай і з мікрачыпам. Коней будуць ідэнтыфікаваць толькі пры дапамозе мікрачыпаў. Пасля атрымання нумара на іх завядуць электронныя пашпарты, куды будуць уносіцца даныя аб перамяшчэнні, ветэрынарных і іншых мерапрыемствах. Калі бірка згубілася, пра гэта неабходна паведаміць у цэнтр для вырабу дубліката, які трэба ўстанавіць у вызначаны тэрмін. Маладую жывёлу рэгіструюць на працягу 7 дзён ад нараджэння і атрымліваюць ідэнтыфікацыйныя нумары (біркі).

— Куды звяртацца для правядзення рэгістрацыі?
— Унясенне інфармацыі аб уладальніку сельскагаспадарчых жывёл ці змяненняў ажыццяўляецца бясплатна ў цэнтры інфармацыйных сістэм у жывёлагадоўлі на падставе заявы. У нашым раёне працуе рэгіянальны прадстаўнік гэтага цэнтра (вул. Велікасельская, 109, будынак Маладзечанскай райплемстанцыі, тел. 73-90-09).

— Якім чынам ідэнтыфікацыя прыватнага сектара будзе ажыццяўляцца на практыцы?
— Гаспадары, якія застрахуюць сваіх жывёл, бясплатна атрымаюць ад страхоўшчыкаў камплект бірак. Для іх устаноўкі трэба звяртацца да рэгіянальнага прадстаўніка ці галоўнага заатэхніка гаспадаркі, на тэрыторыі якога яны жывуць. Тым, хто не застрахаваў, давядзецца за сродкі ідэнтыфікацыі плаціць самім. Інфармацыю можна атрымаць у рэгіянальнага прадстаўніка цэнтра ці ў мясцовых Саветах дэпутатаў (у такіх выпадках біркі будуць рэгістравацца ў мясцовых Саветах). На сайце цэнтра ёсць спецыяльная сістэма ўліку, куды самастойна можна ўносіць даныя аб жывёле. У хуткім часе будуць распрацаваныя памяткі аб правядзенні ідэнтыфікацыі жывёлы ў прыватным сектары і даведзены да грамадзян праз мясцовыя Саветы дэпутатаў.