Пра гэта і іншае расказаў дырэктар прадпрыемства Арцём Русакевіч.
— Таварыства забяспечвае выкананне на Маладзечаншчыне сацыяльных стандартаў, — адзначыў Арцём Мікалаевіч. — Гэта і з’яўляецца яго асноўнай задачай. Завод мае ў сваім складзе тры цырульні, дзве майстэрні па рамонце абутку, ювелірную майстэрню, сем сельскіх комплексных прыёмных пунктаў, швейнае атэлье... На базе ўчастка па рамонце складанай бытавой тэхнікі працуе дыспетчарская служба па кароткім нумары 167. Асаблівай папулярнасцю сярод кліентаў карыстаецца адноўлены пасля рамонту шматфункцыянальны комплекс «Style-цэнтр» па вуліцы Прытыцкага.
Завод пастаянна пашыраецца. Так, летась пачаў працаваць участак шынамантажу і тэхнічнага абслугоўвання аўтамабіляў, былі адрамантаваны некалькі вытворчых памяшканняў.
Спецыялісты асвоілі аказанне такога віду паслуг, як перманентны макіяж. Сёлета маладзечанцам стаў даступны і шугарынг (спосаб эпіляцыі, які выконваецца з дапамогай густой цукровай пасты). Дзякуючы росту аб’ёму абслугоўвання насельніцтва з пачатку мінулага года на прадпрыемстве створана 12 новых рабочых месцаў.
Вырабляе «Рамбыттэхніка» і прадукцыю для народнай гаспадаркі, у тым ліку ўнікальныя стрэлачныя пераводы. Яны запатрабаваны многімі прадпрыемствамі паліўнай і будаўнічай галіны нашай краіны.
Як запэўніў дырэктар, калектыў не спыняецца на дасягнутым. Усе разумеюць: каб заставацца запатрабаваным на рынку, неабходна асвойваць сучасныя тэхналогіі, удасканальваць сістэму працы з кліентамі і заказчыкамі, прапаноўваць ім нешта новае, павышаць кваліфікацыю кадраў. «Трымаць марку» дазваляюць таксама якасць выканання заказаў, цэнавая і маркетынгавая палітыка. Людзі давяраюць спецыялістам завода, і гэты давер трэба апраўдваць.
Арцём Русакевіч падкрэсліў, што такі падыход дае вынік. У прыватнасці, па такіх паказчыках, як тэмп росту аб’ёмаў бытавых паслуг, рэнтабельнасць, рост чыстага прыбытку і іншых таварыства з’яўляецца лідарам сярод профільных прадпрыемстваў Мінскай вобласці.
Па выніках работы за мінулы год «Рамбыттэхніка» стала лепшай у цэнтральным рэгіёне. Віншаванні прымае і прыёмшчыца заказаў сельскага комплекснага прыёмнага пункта ў Заскавічах Антаніна Сушко. Яе прыёмны пункт заняў першае месца ў абласным спаборніцтве ў галіне абслугоўвання насельніцтва.
— Эфектыўна распараджацца маёмасцю і іншымі рэсурсамі – адзін са складальнікаў поспеху, — падкрэсліў Арцём Русакевіч. – Так, у 2015 годзе ў выніку рэарганізацыі да «Рамбыттэхнікі» быў далучаны Маладзечанскі РКБА. Пры гэтым былі захаваныя ўсе напрамкі дзейнасці і рабочыя месцы, палепшыліся ўмовы для арандатараў і кліентаў.
Атрымаць дадатковыя сродкі для развіцця таварыства дазволіў продаж аднаму з прадпрыемстваў швейнай прамысловасці некалькіх памяшканняў у Доме быту па вуліцы Будаўнікоў. Раней яны выкарыстоўваліся не па прызначэнні. У выніку ў выйгрышы засталіся і завод, які інвесціруе грошы ў адкрыццё сучаснай хімчысткі і пральні па вуліцы Грамадоўскай (першых кліентаў лінія абслужыць ужо сёлета), і раён, бо запрацуе новая вытворчасць, і маладзечанцы, якія атрымліваюць пашыраны комплекс бытавых паслуг у адрамантаваных памяшканнях па тых адрасах, да якіх прызвычаіліся.
— У пральні будуць абслугоўваць як прыватных асоб, так і арганізацыі з Маладзечанскага і іншых раёнаў, — адзначыў А. Русакевіч. – Сярод іншых планаў — далейшае пашырэнне геаграфіі абслугоўвання насельніцтва і асваенне новых відаў паслуг. Напрыклад, прыёмны пункт ювелірнай майстэрні адкрыецца ў Мінску (цяпер, акрамя Маладзечна, яны працуюць у Астраўцы, Барысаве, Слуцку і Салігорску).
Напярэдадні прафесійнага свята дырэктар таварыства пажадаў усім работнікам бытавога абслугоўвання працоўных поспехаў, а спажыўцам – добрага настрою і задавальнення ад працы спецыялістаў прад-
прыемстваў галіны.
Фота: Аляксей ПЛАТКО.