Дэпо занесена на Дошку гонару 2017 года.
— Гэты поспех не першы ў гісторыі калектыву, — гаворыць начальнік дэпо Раман Дылкін. — Сем гадоў таму прадпрыемства стала дыпламантам прэміі ўрада Рэспублікі Беларусь за дасягненні ў галіне якасці. У 2015-м кіраўніцтва Беларускай чыгункі адзначыла дэпо як лепшае падраздзяленне па ахове працы, культуры вытворчасці і добраўпарадкаванні тэрыторыі.
Арганізацыя мае і іншыя ўзнагароды. Гэта сведчыць аб тым, што пры добрай арганізацыі працы і выдатнай прафесійнай падрыхтоўцы работнікі могуць паспяхова вырашаць вытворчыя задачы нават у самых складаных эканамічных умовах.
Раман Барысавіч назваў асноўныя вытворчыя задачы дэпо. Гэта рамонт грузавых вагонаў, абслугоўванне рэфрыжэратарных секцый, мадэрнізацыя грузавога рухомага саставу і іншае. Прычым якасць выканання работ дазволіла прыцягваць кліентаў нават з-за мяжы. Так, большасць заказаў паступае ў Маладзечна з Расійскай Федэрацыі.
Дзякуючы міжнароднаму супрацоўніцтву, павышэнню прадукцыйнасці працы, эканоміі рэсурсаў на прадпрыемстве стабільна расце заработная плата, ствараюцца новыя рабочыя месцы. Высокім застаецца і аб’ём інвестыцый у вытворчасць. Толькі за мінулы год ён склаў амаль 160 тысяч рублёў. Грошы, у асноўным, пайшлі на закупку новага высокапрадукцыйнага абсталявання.
— Ад нашай работы залежыць дзейнасць многіх суб’ектаў гаспадарання раёна, вобласці, рэспублікі, — працягвае Раман Дылкін. — Немалаважна і тое, што паслугамі дэпо карыстаюцца жыхары Беларусі і іншых краін. Мяркуйце самі: перавезці вялікія партыі грузаў, якія хутка псуюцца, а гэта мяса, малочныя прадукты, агародніна, рыба, магчыма толькі ў рэфрыжэратарных вагонах. Абслугоўваюць маразільныя секцыі спецыяльныя брыгады, якія дзяжураць кругласутачна.
Аднак дэпо – гэта не толькі рэфрыжэратарныя секцыі і ўчасткі рамонту вагонаў. На прадпрыемстве ёсць таксама аўтакантрольны пункт, лабараторыя неразбуральнага кантролю дэталяў і вузлоў, рамонтна-нарыхтоўчы ўчастак, некалькі пунктаў тэхнічнага абслугоўвання.
У калектыве — 470 высокакваліфікаваных спецыялістаў. Асноўныя прафесіі — слесары па рамонце рухомага саставу і аглядчыкі-рамонтнікі вагонаў. Людзі цэняць сваю работу, на прадпрыемстве амаль няма цякучкі кадраў. Ганарымся працоўнымі дынастыямі, агульны стаж некаторых з іх перасягнуў векавую мяжу. Так, многа гадоў аддалі прадпрыемству Уладзімір Крывы, яго сын Уладзімір і ўнук Генадзій, Віктар Чарняўскі з сынамі Сяргеем і Уладзімірам, Сяргей Клекаў, яго жонка Тамара і сын Аляксандр. Гэтыя дынастыі прымножылі і працягваюць прымнажаць працоўныя здабыткі арганізацыі.
— У аснове поспеху калектыву дэпо – пастаянны рух наперад. Таму прадпрыемства і надалей будзе ўкараняць перадавыя тэхналогіі, павышаць якасць выканання заказаў і вытворчасць працы, удзяляць вялікую ўвагу падрыхтоўцы спецыялістаў, — падкрэсліў Раман Дылкін.
Фота: Аляксей ПЛАТКО.