У мерапрыемстве прынялі ўдзел старшыні раённых камітэтаў прафсаюзаў, грамадскія інспектары па ахове працы пярвічных прафсаюзных арганізацый, інжынеры па ахове працы прадпрыемстваў аграпрамысловага комплексу.
Пытанні, якія разглядалі ўдзельнікі, закраналі найбольш важныя і адначасова праблемныя моманты — сацыяльныя гарантыі для грамадскіх інспектараў па ахове працы, каардынацыю іх дзеянняў з адміністрацыямі суб’ектаў гаспадарання, стварэнне для работнікаў АПК належных бытавых умоў, метадычную падтрымку прафсаюзных актывістаў…
Гэтыя тэмы найбольш актуальныя напярэдадні пасяўной кампаніі, у якой будуць задзейнічаны ўсе падраздзяленні сельскагаспадарчых арганізацый. Дарэчы, па рашэнні райвыканкама тэхніка павінна быць адрамантавана і пастаўлена на «лінейку гатоўнасці» да 28 лютага. Да пасяўной неабходна рыхтавацца і спецыялістам, якія яе абслугоўваюць.
У час мерапрыемства адзначалася, што прафсаюзным актывістам цэнтральнага рэгіёна ёсць чаму павучыцца на Маладзечаншчыне. У прыватнасці, на базе Маладзечанскага раённага аб’яднання прафсаюзаў дзейнічае грамадская камісія па кантролі за выкананнем заканадаўства аб ахове працы, працуе больш за 200 грамадскіх інспектараў. Пры выканкаме створаны і паказалі добрую выніковасць дзве мабільныя рэйдавыя групы, якія рэгулярна наведваюць прадпрыемствы і арганізацыі. Летась раённае прафсаюзнае аб’яднанне правяло 45 праверак выканання заканадаўства аб ахове працы, у час якіх было выяўлена каля 140 парушэнняў.
— Маладзечанскі раён адзін з трох базавых у Мінскай вобласці, дзе праводзіцца вучоба прафсаюзнага актыву, — падкрэсліў старшыня Мінскага абкама прафсаюзаў работнікаў АПК Міхаіл Бода. – У вас добра наладжана ўзаемадзеянне пярвічных прафсаюзных арганізацый з наймальнікамі, разам вырашаюцца найбольш актуальныя пытанні. Грамадскімі інспектарамі з’яўляюцца найбольш актыўныя і прынцыповыя члены прафсаюза. Яны дапамагаюць інжынерам па тэхніцы бяспекі выяўляць недахопы, удзельнічаюць у абследаваннях умоў працы, падказваюць меры па паляпшэнні сацыяльна-бытавых умоў. Дзякуючы гэтаму ўзровень траўматызму ў раёне зніжаецца.
Гэта пацвердзіў начальнік Маладзечанскай міжраённай інспекцыі працы Дзяніс Томашаў. Ён адзначыў, што ў 2016 годзе ў раёне здарыліся тры выпадкі вытворчага траўматызму з цяжкімі наступствамі, летась – толькі адзін. Асноўныя прычыны такіх здарэнняў – невыкананне з боку наймальніка заканадаўства аб ахове працы і парушэнне правілаў тэхнікі бяспекі работнікамі прадпрыемстваў.
Па словах старшыні райкама прафсаюза работнікаў АПК Уладзіміра Саланенкі, акцэнт у падрыхтоўцы прафсаюзнага актыву трэба рабіць на ніжняе звяно, да якога адносяцца і грамадскія інспектары па ахове працы.
— Іх асноўныя задачы – ажыццяўляць пастаянны кантроль на рабочых месцах, папярэджваць кіраўніцтва прадпрыемства аб недахопах, ацэньваць умовы працы работнікаў, кантраляваць выкананне службовых інструкцый, — пералічваў Уладзімір Генадзьевіч.
Старшыня райкама параіў уключаць у калектыўныя дагаворы пункты аб матэрыяльным стымуляванні дзейнасці грамадскіх інспектараў, заахвочваць тых, хто дасягнуў найбольшых вынікаў, выдзяляць інспектарам аплачваемы час для ажыццяўлення грамадскіх абавязкаў. У выніку ў выйгрышы застануцца і наймальнікі, і работнікі сельскагаспадарчых прадпрыемстваў.
Фота: Аляксей ПЛАТКО.