Вяскоўцы працавітыя, адказныя, таленавітыя
Прыехалі мы на свята незадоўга да яго пачатку. Мелі магчымасць павітацца са старшынёй Лебедзеўскага сельскага Cавета дэпутатаў Тамарай Дудзіч і вяскоўцамі.
Вёска Вяжуці хоць і маленькая, але слаўная сваёй біяграфіяй. У гады Вялікай Айчыннай вайны многія пайшлі на фронт, не ўсе вярнуліся. Зведала цяжар ваеннага ліхалецця жыхарка вёскі былая малалетняя вязніца канцлагера Валянціна Галіцына. Яна можа падзяліцца сакрэтамі любові да жыцця і людзей. Доўгажыхарцы Алене Асіповіч дзевяноста два гады. А самая малодшая жыхарка Вяжуцяў Яўгенія Сокал нарадзілася ў 2021 годзе. У мнагадзетных сем’ях Бабровых і Вагіных па трое дзетак. Пяцьдзясят гадоў у шлюбе Таццяна і Васілій Сазонавы, Уладзімір і Ірына Крывыя, сорак сем гадоў ідуць разам па жыцці Наталля і Іосіф Адамчыкі, сорак гадоў -- Таццяна і Мікалай Арцімовічы.
Прыгожыя вырабы атрымліваюцца ў вязальшчыцы Надзеі Ігнатовіч. У яе ўпрыгажэннях красуюцца жанчыны аграгарадка Заскавічы, Маладзечна і нават сталіцы. Кулінарны талент мае Таццяна Лазар, якая здзіўляе ўсіх смачнымі стравамі.
Запрашаем на свята весялосці!
Пад бадзёрую музыку, з песнямі, прыпеўкамі, жартамі святочным шэсцем прайшліся мы па вёсцы. Наперадзе -- стараста Таццяна Арцімовіч з духмяным караваем.
Толькі падышлі да пляцоўкі, дзе адбывалася прэзентацыя падворкаў, як пачулі словы, якія адразу ўзнялі настрой: «Дарагія госці, запрашаем вас на свята весялосці! Каб былі здаровыя, як рыжыкі баровыя, дожджыкам памытыя, гладкія ды сытыя. Каб часцей смяяліся, за жывот трымаліся».
Пры творчай абароне сталоў з прысмакамі зразумелі, што гаспадыні ўмеюць не толькі смачна гатаваць, але і прыгожа спяваць, родную вёску ўслаўляць.
А тым часам пазыўныя абвясцілі аб пачатку ўрачыстай часткі мерапрыемства. Вядучыя Ірына Капуста і Вераніка Міхалоўская расказалі пра гісторыю вёскі, яе сённяшнім дні. Да прысутных са словамі прывітання і цёплых пажаданняў звярнулася Тамара Дудзіч:
-- Свята адбываецца па ініцыятыве жыхароў гэтай цудоўнай вёсачкі. І сёння прыемна адзначыць, што вёска жыве, тут памятаюць і шануюць свае карані, памнажаюць слаўныя традыцыі. Радасна бачыць, колькі землякоў сабралася, як цесна аб’яднала падзея бацькоў, дзяцей, унукаў, сватоў і сяброў.
А якое ж свята без падарункаў? Тамара Уладзіміраўна ўручыла іх тым, хто прыняў актыўны ўдзел у жыцці населенага пункта і арганізацыі мерапрыемства. Пад гучныя апладысменты яны выходзілі на імправізаваную сцэну і самі адрасавалі землякам свае пажаданні міру, дабрабыту, радасці ў кожным дні.
Падзякай раённага Савета дэпутатаў за актыўны ўдзел у грамадскім жыцці вёскі адзначана Таццяна Арцімовіч. Яна стараста ўжо больш за дваццаць гадоў. У Вяжуцях нарадзілася і жыве ў бацькоўскай хаце разам з мужам Мікалаем Паўлавічам. Ён таксама ўсё жыццё прысвяціў роднай гаспадарцы. Выгадавалі дзвюх дачок Святлану і Алёну, маюць траіх унукаў Ксюшу, Мікіту і Мацвея.
-- Жыццё ляціць хутка. Вось ужо чакаю першую пенсію. Апошні час даглядала старэнькую маму, да гэтага ўсё жыццё працавала на свінаферме. Яшчэ маленькай бегала да маці на ферму. А з цягам часу пераняла ў яе працоўную эстафету, -- гаворыць Таццяна Васільеўна, якая заўсёды з людзьмі, жыве грамадскімі справамі. -- З вяскоўцамі маю агульныя клопаты. Хачу ад душы падзякаваць кожнаму, хто рыхтаваўся да свята. Прызнаюся, што вельмі хвалююся, каб задуманае атрымалася. Але дружнай камандзе ўсё па сілах.
У намінацыі «Актыўны жыхар» былі адзначаны Таццяна Бобрык, Ірына Крывая, Вера і Зоя Андзіловіч, Іосіф і Наталля Адамчыкі, Таццяна Сазонава, Уладзімір Бохан, Святлана Крупская. Дарэчы, Уладзімір Бохан заняў першае месца ў намінацыі «Лепшае падвор’е» і заклікаў вяскоўцаў ствараць прыгажосць, падтрымліваць парадак на сваім падворку, клапаціцца пра малую радзіму.
Добрым словам прыгадалі людзей, якія працавалі і працуюць у гаспадарцы, на палетках, фермах. Намеснік дырэктара адкрытага акцыянернага таварыства «Заскавічы» Яўгеній Зянкевіч лепшым работнікам уручыў памятныя падарункі. Божага благаславення на добрыя справы пажадаў усім настаяцель Свята-Узнясенскай царквы вёскі Заскавічы айцец Мікалай.
На свята завіталі госці нават з Ашмянскага раёна -- народны ансамбль народнай песні аддзела культуры і вольнага часу «Жытніца» аграгарадка Кракоўка. Яны забаўлялі народ і здзіўлялі талентамі. Цёпла сустракалі тут і ўдзельніц вакальнай групы «Суседкі» Заскавіцкага сельскага Дома культуры.
На гэтай зямлі мы не госці…
Цікава было пазнаёміцца з карэннымі жыхарамі Вяжуцяў і мясцовымі дачнікамі. Найперш з прыгожымі жанчынамі -- сёстрамі Верай Хацкевіч і Зояй Афанасьевай.
-- Мы мясцовыя! Тут нарадзіліся нашы бацькі Зінаіда Андрэеўна і Аркадзій Ільіч Андзіловічы, і вось ужо больш за паўстагоддзя з гэтым краем звязаны наш асабісты лёс, -- гавораць жанчыны. -- У новы дом сям’я пераехала ў 1961 годзе, калі мы былі яшчэ маленькімі. Асвойвалі навуку ў Заскавіцкай школе. Бацькоў, на жаль, ужо няма. А мы з вясны да восені прыязджаем сюды са сваімі дзецьмі і ўнукамі.
На выставе прыцягвалі ўвагу вырабы мясцовага каваля Аляксея Зайцава, майстра на ўсе рукі.
-- Больш за дзесяць гадоў таму купілі дом у Вяжуцях, -- расказвае Аляксей. -- Абжыліся тут з сям’ёй. У нас трое сыноў. Арсеній пераймае ў мяне сакрэты старажытнага майстэрства, і ў яго нядрэнна атрымліваецца.
Для вёскі такі нераўнадушны чалавек -- знаходка. Ён вырабіў два вялікія праваслаўныя крыжы. Ля аднаго з іх і распачалося святочнае шэсце.
Сяргей Смаршчок частаваў гасцей пловам, які гатаваў у вялікім казане. Мужчына ўпэўнены, што пры прыгатаванні стравы трэба прытрымлівацца традыцыйнага рэцэпту.
-- Шэсць гадоў адпачываем тут у вольны час ад гарадской мітусні. Вёска прыгожая не толькі летам, а ў любую пару года. Палюбіў яе з першага позірку і яна адказвае ўзаемнасцю, -- усміхаецца дачнік, які прыязджае ў Вяжуці з Мінска.
Сапраўды, край гэты адметны прыродай. У лесе шмат грыбоў і ягад, на вадаёме рыбакі могуць пахваліцца добрым уловам. Але галоўным багаццем былі і застаюцца людзі, якія ўмеюць і працаваць, і святы сустракаць. Яны самі не здрадзілі роднай бацькоўскай зямлі і робяць усё, каб нашчадкі шанавалі яе. Мудрыя людзі кажуць: «Будзе памяць -- будзе і жыццё».
З ГІСТОРЫІ
Першыя звесткі аб існаванні вёскі вядомыя з пачатку ХVI стагоддзя. У гістарычных дакументах 1514 года населены пункт названы як Вяжуны. Ён абазначаны на рацэ Уша ў Маркавіцкім стане Вялікага Княства Літоўскага. У ХІХ стагоддзі вёска Вяжуці ўваходзіла ў Лебедзеўскую воласць Вілейскага павета Вілейскай губерні, адносілася да Маркаўскага маёнтка. У складзе Лебедзеўскага сельсавета Вяжуці з 1940 года. Не абышла вёску Першая сусветная і Вялікай Айчынная войны. З 1960 года Вяжуці ў складзе Мінскай вобласці. Цяпер тут 22 гаспадаркі і 39 афіцыйна зарэгістраваных жыхароў.
Тэкст і фота: Людміла ЦАР.