Новости Молодечно и Молодечненского района

Наш мірны дом жанчыны зберагуць

  • 2020-08-31 06:31:28
  • Анжаліка Крупянькова

Старшыня Мінскай абласной арганізацыі грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз жанчын» Святлана Сарока запрасіла прысутных падзяліцца набалелым, абмяняцца думкамі, выказаць прапановы, як у сённяшняй няпростай сітуацыі захаваць самае дарагое -- мір, спакой і ўзаемаразуменне ў грамадстве.
Святлана Рыгораўна нагадала самыя значныя мерапрыемствы, дабрачынныя акцыі Беларускага саюза жанчын, з матэрыяламі якіх можна было пазнаёміцца на прымеркаванай да гэтай сустрэчы тэматычнай выстаўцы. Яе экспанаты сведчаць, наколькі вялікая і стваральная сіла – жанчыны Беларусі, якія не толькі нараджаюць і выхоўваюць дзяцей, але і адбыліся ў прафесіі, актыўна ўдзельнічаюць у грамадскім жыцці. І сёння яны не могуць заставацца ў баку ад праблем, не могуць не сказаць сваё важкае, мудрае слова ў абарону міру і стабільнасці ў нашай краіне.

Ва ўнісон са словамі выступоўцаў прагучалі патрыятычныя песні пра нашу прыгожую, светлую, мілую сэрцу Беларусь у выкананні Дзмітрыя Ціхановіча, Вольгі Касцюкевіч, Дзмітрыя Рудыка.

У фае Палаца культуры кожная з удзельніц мерапрыемства магла пакласці сваю цаглінку з пажаданнямі міру і спакою ў сімвалічны агульны дом. Не проста словы пісалі маладзечанкі на гэтых цаглінках -- укладвалі ў іх усе лепшыя памкненні душы, сваю веру ў спакойную, мірную будучыню нашай роднай Беларусі.

Святлана ЧЫЖЫКАВА, старшыня раённай арганізацыі Беларускага фонду міру:

-- У мяне выклікае занепакоенасць сітуацыя, якая склалася ў нашай краіне. Многія разумеюць: ідзе перадзел свету, робяцца спробы дэмаралізаваць наша грамадства, ускалыхнуць нашу такую мірную краіну. На жаль, некаторыя маладыя людзі не ўсведамляюць, што мы рызыкуем страціць самае галоўнае – нашу незалежнасць, нашу гістарычную памяць. Мне давялося пабываць у многіх краінах свету. Было вельмі прыемна чуць, як у апошнія дзесяцігоддзі ў розных краінах аб нашай Беларусі гаварылі з вялікім піетэтам. Немцы пры кожнай магчымасці прасілі прабачэння ў нас, беларусаў, за нанесеныя страты ў гады Другой сусветнай вайны. Яны даглядаюць помнікі савецкіх салдатаў, якія знаходзяцца на тэрыторыі Германіі. Мір прымірыў нас усіх у маштабах планеты. Іншы раз мы недаацэньвалі гэта кароткае слова -- «мір». Але сёння яно актуальнае, як ніколі. Беларусы заўсёды слылі як міралюбівая, талерантная нацыя. У нашай краіне жыве амаль 150 нацыянальнасцей, і ніколі не было канфліктаў на нацыянальнай глебе. І, гаворачы аб сённяшняй сітуацыі, я лічу, што кожны мае права выказваць свой пункт гледжання, сваю пазіцыю, аднак толькі ў рамках недэканструктыўнага фармату. Беларускі фонд міру працягвае выступаць за мірнае вырашэнне любых канфліктаў.

Алена АТРАШКЕВІЧ, старшыня Беларускага саюза кампазітараў:

-- Кампазітар, як і любы творчы чалавек, можа ствараць нешта новае, значнае, прыгожае толькі тады, калі у яго на душы спакойна. А сёння ва ўсіх нас на душы неспакойна. Мы сталі больш асцярожнымі ў выказваннях, пазітыўныя думкі сёння, на жаль, становяцца непапулярнымі. Частка людзей азлобілася, перастала чуць іншых. Але якіх бы поглядаў мы ні прытрымліваліся, самае галоўнае – заставацца людзьмі, берагчы сваіх родных, быць адданымі сваёй прафесіі. Пра сябе скажу, што я вельмі хачу працаваць, рухацца наперад, навучаць моладзь, дапамагаць рабіць важкія крокі ў прафесію. Жадаю ўсім, каб работа прыносіла задавальненне. Гэта сапраўднае выратаванне ад цяжкіх думак.

Надзея СІДАРЭНКА, кіраўнік тэатра мініяцюр «Брава» гарадскога Палаца культуры:

-- Я нарадзілася праз два гады пасля вайны, і, напэўна, на генетычным узроўні мне перадаўся страх перад ёй. У дзяцінстве ў мяне пачынала моцна біцца сэрца, калі за акном гулі правады, калі чула гул самалётаў… І гэты страх я адчула нядаўна, калі на вуліцы вечарам і ноччу сігналілі машыны, гучалі выкрыкі…

Як жа сёння важна навучыцца цаніць усё тое, што ў нас ёсць! Паглядзіце, які цудоўны наш горад, якія ў ім тэатры, Палац культуры, установы адукацыі. Нездарма ж ён быў прызнаны культурнай сталіцай Беларусі. І таму хочацца звярнуцца да яго жыхароў: беражыце тое, што мы маем, любіце адзін аднаго. І ўсё будзе добра.

Таццяна ШАФАЛОВІЧ, старшыня раённай арганізацыі ветэранаў:

-- За сваю працоўную дзейнасць мне даводзілася і даводзіцца мець шмат стасункаў з самымі рознымі людзьмі, вырашаць шмат пытанняў, іншы раз і канфліктных. У кожнага з нас – свая пазіцыя, свой погляд на падзеі, якія сёння адбываюцца. Аднак мой жыццёвы прынцып: для вырашэння любога пытання патрэбен дыялог. Узяць сям’ю: пасварыліся муж з жонкай, і чым больш яны маўчаць, тым тужэй зацягваецца вузел канфлікту… Так і ў грамадстве – патрэбен мірны дыялог. А яшчэ ўсім нам сёння патрэбны станоўчыя эмоцыі, душэўныя сустрэчы, падтрымка сяброў і калег. Для нашых ветэранаў такім мерапрыемствам стаў нядаўні марафон Перамогі ў гарадскім парку. Хачу пажадаць, каб і надалей мы сустракаліся толькі на такіх, напоўненых станоўчымі эмоцыямі, мерапрыемствах.

Ядвіга СЕНЬКО, мастак, іканапісец:

-- 23 гады я пішу іконы. У пачатку свайго творчага шляху на ўсё жыццё запомніла размову са свяшчэннікам. Тады ён сказаў, што права кожнага чалавека – выбіраць свой шлях. Калі мы робім дабро для іншых, не чакаючы за гэта ўдзячнасці, мы рухаемся наперад, мы памнажаем дабро. І Гасподзь нам дае сілы, надзяляе розумам для новых спраў, і цяжкасці адыходзяць, праблемы вырашаюцца. Я пераканана, што толькі прыгажосць, дабрыня, салідарнасць, вытрымка, прабачэнне і вера ў бога робяць нас сапраўднымі людзьмі, а свет вакол нас -- лепшым.

Тэкст і фота: Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.