Новости Молодечно и Молодечненского района

На вуліцы Маладзёжнай адрамантаваны два жылыя дамы

  • 2017-11-27 05:39:14
  • Анжаліка Крупянькова

Софія Паўлаўна – старшыня дамавога камітэта. Яна і патэлефанавала ў рэдакцыю, каб падзяліцца добрай навіной: гэтай восенню УП «Камунальнік» правёў рамонт іх дома, а таксама суседняга №17, якім ужо амаль 40 гадоў.

Наша субяседніца расказвае, што з заявай аб рамонце яна як старшыня дамкама звярнулася ў «Камунальнік» яшчэ тры гады таму. Адтуль прыходзіла камісія, паабяцалі, што рамонт будзе праведзены. Актыўная жанчына, якая працавала адміністратарам у гасцініцы «Маладзечна» і прывыкла вакол сябе наводзіць парадак, пайшла на прыём да старшыні райвыканкама Аляксандра Яхнаўца. Софія Паўлаўна адзначае, што кіраўнік раёна выслухаў яе вельмі ўважліва, сур’ёзна паставіўся да просьбы. І вось летам спачатку адрамантавалі суседні дом, а потым пачаліся работы і на пятнаццатым. Старшыня дамкама з вялікай павагай гаворыць пра людзей, якія хутка і якасна праводзілі работы, клапаціліся, каб у час дажджу не затапіла кватэры. Новы дах, адрамантаваныя і пафарбаваныя фасады, новыя вокны ў пад’ездах, плітка ля іх, лавачка ў двары – аблічча дома змянілася да непазнавальнасці. Ён сапраўды памаладзеў, набыў прыгожы і сучасны выгляд. Як расказаў намеснік начальніка па жыллёвых пытаннях УП «Камунальнік» Алег Глаткі, тут яшчэ адрамантаваны месцы агульнага карыстання, заменены электрашчыты, праводка і асвятленне ў пад’ездах. Адным словам, выкананы значны аб’ём работ.

— На старонках газеты хачу выказаць удзячнасць усім, хто меў дачыненне да рамонту нашага дома: начальніку УП «Камунальнік» дэпутату райсавета Мікалаю Наздрыну-Платніцкаму, яго намесніку Алегу Глаткаму, начальніку жыллёвага аддзела Вользе Шыцік, — пералічвае старшыня дамкама. – Шмат намаганняў прыклалі таксама начальнік гасразліковага рамонтна-будаўнічага ўчастка Іосіф Страпко, начальнік ЖРЭУ №6 Сяргей Казановіч, яго намеснік Уладзімір Сідараў, майстар Валерый Мастовіч, дыспетчар Ларыса Ярошкіна і многія іншыя.

Нельга не сказаць і пра тое, што не толькі звонку, але і ўнутры гэты дом вельмі ўтульны. У першым пад’ездзе, дзе жыве Софія Рак, на  падаконніках стаяць вазоны — нібы ў зімовым садзе. Гэты пад’езд перамагаў у гарадскім конкурсе па добраўпарадкаванні. Аднойчы з былога яшчэ гарвыканкама сюды прывезлі цэлы аўтобус кіраўнікоў, каб яны палюбаваліся на прыгажосць і прапагандавалі гаспадарчыя адносіны да свайго жылля сярод іншых гараджан. «У мяне добрыя, працавітыя суседзі, якія падтрымліваюць парадак, — зазначае Софія Паўлаўна. – Убіраем па графіку, дзяжурым па месяцы. У домакіраўніцтве прапанавалі, каб пад’езд убіралі дворнікі, мы адмовіліся: пакуль спраўляемся самі. Вельмі дапамагае мне дачка Тамара Семашкевіч. Святлана Капцюг разводзіць кветкі, Валянціна Жарская, Сяргей і Дзіна Сянько, Марыя Пракопчык клапоцяцца пра чысціню, Эдуард Хаткоўскі і Леанід Апяцёнак сочаць, каб трава ля дома была скошана, ніколі не адмаўляюцца дапамагчы».

Прыемна, што стары дом пасля рамонту стаў цёплым і прыгожым. Але не менш важна, што яго жыхары цэняць клопат камунальных службаў і падтрымліваюць узорны парадак, з’яўляюцца прыкладам для іншых.

Фота: Аляксей ПЛАТКО.