Новости Молодечно и Молодечненского района

На парадку дня – экалогія

  • 2017-08-25 11:08:06
  • Алег Бяганскі

Разам з парламентарыем у Маліноўшчыну прыехалі старшыня раённага Савета дэпутатаў Віктар Невяровіч, намеснік старшыні райвыканкама Генадзій Актанаровіч, галоўны ўрач занальнага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Міхаіл Грабоўскі, прадстаўнікі раённай інспекцыі па ахове прыроды, сельскага выканаўчага камітэта, іншыя спецыялісты. Магчымасць сустрэцца з дэпутатам скарысталі каля двух дзясяткаў выбаршчыкаў.

Мясцовыя жыхары і дачнікі пацвердзілі, што адчуваюць непрыемны пах з вадаёма паблізу сховішча барды, калі вецер дзьме ў бок іх падворкаў.

Удзельнікі выязнога прыёму накіраваліся да вышэйзгаданага месца праз Маліноўшчынскі парк – батанічны помнік прыроды мясцовага значэння, потым выйшлі на дарогу Маліноўшчына – Скавародкі. Іван Станіслававіч звярнуў увагу на дрэнны стан праезнай часткі.

— Некалькі машын шчэбню, грэйдар — і дарога была б нармальнай, — адзначыў парламентарый. – У парку таксама трэба навесці парадак — пакасіць траву, устанавіць лаўкі, прыбраць паваленыя дрэвы. Пытанні обраўпарадкавання тэрыторыі павінны заўсёды быць у полі зроку ў мясцовых органаў улады. Ды і жыхарам трэба больш увагі надаваць навядзенню парадку — ініцыяваць і ўдзельнічаць у суботніках, дапамагаць камунальнікам.
Іван Маркевіч паабяцаў узяць гэтыя пытанні на кантроль.

З боку сховішча барды непрыемны пах сапраўды адчуваўся. Само сховішча ізаляванае. Яно знаходзіцца пад зямлёй. Затое вада ў вадаёме з-за павышанага ўтрымання арганікі, як кажуць, «цвіце і пахне».
Генеральны дырэктар спіртагарэлачнага завода Вячаслаў Чарноў прапанаваў вадаём асушыць, а глей вывезці на палі.

— Гэтыя работы неабходна правесці на працягу бліжэйшых месяцаў. Сумесна з райвыканкамам падрыхтуем адпаведнае даручэнне профільным арганізацыям. Утылізацыя глею і адпампоўванне вады павінны праходзіць згодна з экалагічным заканадаўствам. Просьбу людзей трэба абавязкова выканаць, — падкрэсліў Іван Станіслававіч.
Парламентарый паабяцаў звярнуць увагу і на іншыя ўзнятыя пытанні.

— Па тым, як вырашаюцца звароты выбаршчыкаў, людзі мяркуюць аб эфектыўнасці дзейнасці органаў улады. Таму без увагі не павінна заставацца ніводная просьба. Пра гэта неабходна заўсёды памятаць кіраўнікам усіх узроўняў, — падсумаваў вынікі выязнога прыёму Іван Маркевіч.

Фота: Аляксей ПЛАТКО.