Новости Молодечно и Молодечненского района

На Маладзечаншчыне завяршылася прафсаюзная акцыя «Наш жывёлавод»

  • 2021-03-12 07:58:21
  • Алег Бяганскі

Павіншаваць лепшых жывёлаводаў гаспадаркі прыехалі прававы інспектар Мінскага абкама прафсаюза работнікаў АПК Андрэй Лагвінец і старшыня райкама профільнага прафсаюза Уладзімір Саланенка.

У актавай зале праўлення таварыства сабраліся аператары машыннага даення, заатэхнікі, ветурачы, загадчыкі ферм, іншыя спецыялісты. Настрой ва ўсіх быў святочны. І гэта не дзіўна. Жывёлагадоўчая галіна гаспадаркі летась спрацавала паспяхова.
Як адзначыў Уладзімір Саланенка, акцыя «Наш жывёлавод» праводзіцца на Маладзечаншчыне чацвёрты год. Яе мэта – павысіць прэстыж прафесіі, забяспечыць добрыя ўмовы працы работнікаў галіны, павысіць даход жывёлаводаў, вырашыць некаторыя злабадзённыя пытанні. У выніку ў людзей расце матывацыя для паляпшэння вытворчых паказчыкаў. А гэта станоўча ўплывае на выпуск прадукцыі жывёлагадоўлі і павышэнне яе якасці.

— Сёлета акцыя закранула каля 50 аб’ектаў жывёлагадоўлі раёна, — паведаміў Уладзімір Генадзьевіч. – Усяго было заахвочана больш за 90 жывёлаводаў. Адметна, што акцыю падтрымалі пярвічныя прафсаюзныя арганізацыі ўсіх прадпрыемстваў АПК Маладзечаншчыны. Не засталіся ўбаку і адміністрацыі гаспадарак.

Кіраўнік ААТ Наталля Вішнеўская павіншавала жывёлаводаў з працоўнымі дасягненнямі. Яна зазначыла, што праца на фермах нялёгкая. Пры гэтым галіна прыцягвае моладзь. У гаспадарку кожны год прыходзяць маладыя спецыялісты. Яны паспяхова пераймаюць вопыт ветэранаў, працуюць добра, выконваюць даведзеныя заданні.

— Асаблівае дзякуй жанчынам, работніцам ферм. Нягледзячы на ўсе цяжкасці, яны заўсёды прыгожыя і абаяльныя. Дзякуючы ім гаспадарка мае высокія дасягненні, — падкрэсліла Наталля Рамуальдаўна.

Падзякі і падарункі ад абкама і райкама прафсаюза работнікаў АПК у час мерапрыемства атрымалі Ілона Купрыян, Сяргей Іванцоў, Таццяна Полаз, Алена Агафонава, Зарына Шэмет, Таццяна Мандрык. Адзначыла лепшых работнікаў і кіраўніцтва гаспадаркі. Акрамя таго, для пакояў адпачынку ўсіх шасці аб’ектаў жывёлагадоўлі былі падрыхтаваныя электрачайнікі і чайныя наборы.

Святочную атмасферу для вяскоўцаў стваралі работнікі Красненскага сельскага дома культуры Таццяна Каляда-Замойская, Таццяна Варнаўская і Генадзій Касабуцкі.

Алег БЯГАНСКІ.
Фота: Аляксей ПЛАТКО.