Спачатку мы наведалі гаспадарку Алены Троцкай у ваколіцах вёскі Дзякшняны. Уборка бульбы тут ужо завяршылася. Работы ішлі на бурачным полі. Збіралі караняплоды больш за 20 добраахвотнікаў. Людзі ачышчалі буракі ад бацвіння і засыпалі іх у мяшкі. Потым грузілі іх на трактар, які вывозіў ураджай для сартавання.
— На жаль, сёлета ўраджайнасць буракоў ніжэйшая чым у мінулым годзе, — гаворыць Алена Аляксандраўна. — Лета было засушлівае, і раслінам не хапіла вільгаці. Аднак караняплоды выраслі буйныя, прыгожыя. Яны карыстаюцца вялікім попытам у насельніцтва. Частку ўраджаю пастаўляем у бальніцы, навучальныя ўстановы. Плануем убраць участак дні за чатыры. Потым надыдзе чарга іншых культур.
Субяседніца адзначыла, што пад буракі ў гаспадарцы адведзены два гектары. Вырошчваюцца караняплоды галандскай селекцыі. Акрамя буракоў і бульбы гаспадарка спецыялізуецца на капусце, моркве, цыбулі. На палях прымяняецца севазварот. Збіраюць ураджай добраахвотныя памочнікі. Наладжана супрацоўніцтва з цэнтрам занятасці. Разлік адбываецца агароднінай і ў грашовай форме.
Мы пагаварылі з некаторымі работнікамі. Маладзечанцы Ірыне Харламавай працаваць у фермера падабаецца. Жанчыну задавальняюць і аплата, і стаўленне да памочнікаў з боку работадаўцы. Да Алены Троцкай яна прыязджае рэгулярна. Зручна, што на поле работнікаў прывёз аўтобус ад цэнтра занятасці. Ён жа і забірае людзей назад у горад.
— Цяпер я ў водпуску, таму некалькі дзён вырашыў прысвяціць выкананню сямейнай харчовай праграмы, — паведаміў работнік аднаго з гарадскіх прадпрыемстваў Руслан Байкоў. – Ды і дадатковы заробак не зашкодзіць. Сёння, напрыклад, атрымаю і грошы, і буракі. Да працы прывычны, таму збіраць агародніну мне не цяжка. У час работы можна і з суседзямі па барознах словам перакінуцца. Таму час на полі ляціць хутка.
Наступны наш прыпынак — поле Уладзіміра Закрэўскага. Тут ішла ўборка другога хлеба. Брэндавы беларускі прадукт збіраўся недалёка ад вёскі Дзякшняны.
— Бульбу вырошчваем на плошчы каля 50 гектараў, — гаворыць кіраўнік сялянскай гаспадаркі. — Высаджваем гатункі «Венета», «Мадэйра», «Белая раса», «Гала». Смакавыя якасці ў бульбы выдатныя. Насенны матэрыял закупляем у спецыялізаваных гаспадарках. Сёлета, напрыклад, было закуплена 30 тон насення «Мадэйры». Ураджай атрымалі вельмі добры. Пастаўляем яго, у тым ліку, у санаторый «Сасновы бор».
У час нашай паездкі мы пераканаліся, што дзякуючы фермерам наша меню становіцца больш разнастайным. Да таго ж сялянскія гаспадаркі дапамагаюць вырашаць некаторыя сацыяльныя задачы (даюць магчымасць дадатковага заробку і эканоміі сямейнага бюджэту для жыхароў горада і раёна).
Алег БЯГАНСКІ.
Фота: Аляксей ПЛАТКО.