У мерапрыемстве ўдзельнічалі больш за 30 прафсаюзных актывістаў, якія працуюць на прадпрыемствах аграпрамысловага комплексу Маладзечаншчыны. Сярод запрошаных былі галоўны прававы інспектар Мінскага абкама прафсаюза работнікаў АПК Андрэй Лагвінец і начальнік упраўлення па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне райвыканкама Алена Барада.
Як адзначыў старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Уладзімір Саланенка, асноўным прынцыпам работы прафсаюзных арганізацый з’яўляецца адстойванне працоўных, прафесійных, сацыяльна-эканамічных правоў і законных інтарэсаў членаў прафсаюза. Дасягаецца гэта праз сацыяльнае партнёрства пры дапамозе за-ключэння раённага пагаднення і калектыўных дагавораў, а таксама шляхам правядзення грамадскага кантролю за выкананнем заканадаўства аб працы. Работа вядзецца і па іншых напрамках.
— Калектыўны дагавор — важная крыніца права, ён устанаўлівае прынцыпы працоўных адносін. Гэта дазваляе ўлічваць розныя моманты, уносіць карэктывы. Галоўнае тут — рэальнае напаўненне льготамі, гарантыямі ў адпаведнасці з фінансавымі магчымасцямі прадпрыемстваў, недапушчэнне зніжэння дасягнутых дамоўленасцей, — падкрэсліў дакладчык.
Уладзімір Генадзьевіч нагадаў, што дзякуючы прафсаюзным камітэтам у калектыўныя дагаворы былі ўнесены палажэнні па арганізацыі гарачага харчавання работнікаў у перыяд напружаных палявых работ з поўнай або частковай кампенсацыяй кошту абедаў, прадугледжаны льготы па аказанні паслуг членам прафсаюза, пенсіянерам, ветэранам за апрацоўку прысядзібных участкаў, выдзяленне транспарту для дастаўкі сена, паліва, продаж збожжа, кармоў для малочнай жывёлы...
Сярод арганізацый, дзе працоўныя дагаворы гарантуюць максімальны сацыяльны пакет, – Маладзечанскі малочны камбінат, аграфірма Лебедзева, Маладзечанскі камбінат хлебапрадуктаў, ТДА «Віст», ААТ «УсходАгра», СУП «Хажоваагра-2009», ААТ «Заскавічы» і іншыя.
Старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК засяродзіў увагу на некаторых пытаннях, якія трэба ўлічваць пры складанні калектыўнага дагавора і кантролі за яго выкананнем. Напрыклад, неабходна больш настойліва дабівацца выканання палажэння аб адлічэнні ўзносу не менш за 0,3 працэнта ад фонду аплаты працы для правядзення культурна-выхаваўчых і спартыўных мерапрыемстваў, прапаганды здаровага ладу жыцця, адраджэння нацыянальнай культуры.
Яшчэ да прыняцця і падпісання дагавор павінен прайсці юрыдычную экспертызу ў райкаме прафсаюза, перш за ўсё на адпаведнасць генеральнаму, тарыфным і мясцовым пагадненням, а таксама на адпаведнасць працоўнаму заканадаўству Беларусі.
Вельмі важна дабівацца павышэння ўзроўню заработнай платы, захавання тэрмінаў яе выплаты. Пры гэтым памер тарыфнай стаўкі першага разраду не павінен быць ніжэйшы за тарыфную стаўку ў бюджэтных арганізацыях.
Неабходна павысіць сацыяльныя гарантыі работнікаў пры перазаключэнні з імі кантрактаў. Увогуле, з тымі, хто не мае парушэнняў і добрасумленна выконвае працоўныя абавязкі, кантракты павінны заключацца на максімальны тэрмін.
Фота: Віталій КРУПЯНЬКОЎ.