Новости Молодечно и Молодечненского района

«Молодечноводоканал»: продукция -- чистая вода

  • 2018-02-05 09:07:51
  • Алег Бяганскі

Пра работу і дасягненні калектыву расказвае яго кіраўнік Андрэй Паукшта.

Прадпрыемства абслугоўвае і эксплуатуе 479 кіламетраў водаправодаў, амаль 300 кіламетраў сетак каналізацыі, 160 артэзіянскіх свідравін, 28 ачышчальных збудаванняў, 72 грамадскія шахтавыя калодзежы, 48 каналізацыйна-помпавых станцый, расказаў Андрэй Анатольевіч. Для падачы вады ў шматпавярховыя дамы прызначаны 28 помпавых падстанцый. Гаспадарка складаная. Яна патрабуе пастаяннай увагі. Аб’екты знаходзяцца ў горадзе і сельскіх населеных пунктах. Ад іх надзейнай работы ў многім залежаць камфорт жыхароў Маладзечаншчыны і стабільная дзейнасць прадпрыемстваў і арганізацый раёна.



Дырэктар падкрэсліў, што горад забяспечваецца артэзіянскай вадой з падземных крыніц. Здабываецца яна на водазаборах «Гелянова» і «Крыніца». Па першым эксплуатуецца 18 свідравін, ёсць станцыі абеззаражвання і ачысткі вады, а таксама чатыры рэзервуары агульным аб’ёмам 9,1 тысячы кубаметраў.

Водазабор «Крыніца» ўключае 10 артэзіянскіх свідравін, станцыю абезжалезвання, кацельню, воданапорную вежу, два рэзервуары па 10 тысяч кубаметраў кожны. Якасць вады ў Маладзечне адна з лепшых у Беларусі. Яна пастаянна кантралюецца спецыяльнай лабараторыяй.

Галоўны інжынер КУП «Маладзечнаводаканал» Віктар Марэцкі і начальнік цэха водазабеспячэння і водаадвядзення раёна Ігар Юрчанка.



На балансе цэха водазабеспячэння і водаадвядзення раёна знаходзяцца 132 артэзіянскія свідравіны, 59 воданапорных вежаў, 6 станцый абезжалезвання, 27 лакальных ачы-
шчальных збудаванняў, 36 каналізацыйна-помпавых станцый, 274 кіламетры водаправодаў, 138 кіламетраў сетак водаадвядзення.

Да 2020 года плануецца будаўніцтва станцый абезжалезвання ў Радашковічах, Красным, Лебедзеве, Палачанах, што значна палепшыць якасць вады ў гэтых населеных пунктах.     

Ад інжынера па якасці Таццяны Гарошка і інжынера па ахове навакольнага асяроддзя Ганны Рамбоўскай шмат у чым залежыць, ці будуць спажыўцы задаволены работай прадпрыемства.



Адным са структурных падраздзяленняў «Маладзечнаводаканала» з’яўляецца цэх ачышчальных збудаванняў. Размешчаны ён ля вёскі Бушавіца за тры кіламетры ад горада. За суткі тут ачышчаецца каля 42 тысяч кубаметраў сцёкаў.

Даведка. КУП «Маладзечнаводаканал» вядзе сваю гісторыю з 1948 года. Тады быў уведзены ў эксплуатацыю гарадскі ўчастак водаправода, у склад якога ўваходзілі воданапорная вежа ў Гелянове і
3 кіламетры водаправодных сетак. Вада ў сістэму падавалася са свідравіны электрастанцыі.

— Калектыў ідзе ў нагу з часам і ўкараняе ў вытворчасць самыя сучасныя тэхналогіі. Так, на прадпрыемстве выкарыстоўваецца сістэма аўтаматызаванага кіравання тэхналагічнымі працэсамі. На многіх аб’ектах устаноўлена відэаназіранне. Уся інфармацыя перадаецца на цэнтральны дыспетчарскі пункт. Гэта дае магчымасць папярэджваць аварыі і аператыўна выпраўляць няштатныя сітуацыі.
Дзякуючы таму, што аўтапарк абсталяваны сістэмай GPS-навігацыі, эканоміцца паліва і скарачаецца час прыбыцця па выкліку рамонтных брыгад, — падкрэсліў Андрэй Паукшта.  

У дыспетчарскую «Маладзечнаводаканала» ў рэжыме рэальнага часу паступаюць звесткі з больш чым 70 аб’ектаў, размешчаных у горадзе і раёне. Аналізуе інфармацыю Ганна Зялкоўская.



Дырэктар адзначыў, што прадпрыемства абслугоўвае гідратэхнічныя збудаванні ў парку Перамогі і фантан на Цэнтральнай плошчы. Гэтымі аб’ектамі ганарацца ўсе маладзечанцы. Гараджане дзякуюць калектыву за магчымасць любавацца прыгажосцю.

Андрэй Анатольевіч акцэнтаваў увагу на прафесіяналізме работнікаў прадпрыемства. На «Маладзечнаводаканале» працуюць 432 спецыялісты. Усе яны адна зладжаная каманда. Людзі разумеюць сваю адказнасць, таму працуюць з поўнай аддачай.

— У калектыве шануюць ветэранаў, робяць стаўку на моладзь, працягваюць слаўныя традыцыі папярэднікаў, — зазначыў Андрэй Паукшта. — Яшчэ больш збліжаюць калег сумесныя заняткі спортам, турпаходы, экскурсіі, культурныя мерапрыемствы… На прадпрыемстве ўмеюць працаваць, не спыняюцца на дасягнутым і ўпэўнена глядзяць у будучыню.

Адны з лепшых работнікаў прадпрыемства, якія паказваюць прыклад адказных адносін да працы: Жанна Засямчук, Таццяна Курціна, Наталля Кульбака, Таццяна Міхайлава, Аляксандр Фалей, Анатолій Нявера, Іван Мурза, Сяргей Юрчанка, Дзмітрый Жаркевіч, Алег Посах.



Фота: Аляксей ПЛАТКО.