Новости Молодечно и Молодечненского района

Молодечненский «Коммунальник» -- о подготовке к зиме

  • 2018-12-04 11:11:57
  • Алег Бяганскі


Вуліцы і тратуары Маладзечна своечасова пасыпаюцца пясчана-саляной сумессю, з-за галалёдзіцы няма збояў у рабоце гарадскога транспарту. Як адзначыў намеснік дырэктара УП «Камунальнік» Сяргей Сарока, сітуацыя і надалей будзе знаходзіцца пад кантролем.

— На прадпрыемстве для барацьбы са снегам і галалёдам ёсць дастатковая колькасць тэхнікі, — паведаміў Сяргей Аляксандравіч. – Гэта чатыры пескараскідвальнікі на базе аўтамабіляў МАЗ, два тратуарныя пескараскідвальнікі, дзесяць трактароў з навяснымі шчоткамі і адваламі, магутны аўтагрэйдар. Для вывазу снегу выдзелены тры самазвалы МАЗ рознай грузападымальнасці і тры шматтонныя пагрузчыкі. Увесь транспарт аснашчаны сістэмай GPS-навігацыі.

Таксама створаны дастатковы запас пясчана-саляной сумесі двух відаў. Антыгалалёдны сродак у прапорцыі 1:1 прымяняецца пры моцных маразах, 1:2 – пры невялікіх. Ля гарадскога палігона цвёрдых камунальных адходаў падрыхтавана пляцоўка для складзіравання вывезенага снегу. Пры разліку патрэбнай колькасці пясчана-саляной сумесі ўлічваўся вопыт мінулых гадоў.

Субяседнік падкрэсліў, што ў «Камунальніку» створана аварыйная брыгада. За станам дарожнага пакрыцця вуліц сочыць аварыйна-дыспетчарская служба. Кантрольныя аб’езды праводзяцца кожную гадзіну. Даныя маніторынгу запісваюцца ў спецыяльны журнал. Спецыялісты гатовы аператыўна выехаць для ліквідацыі праблем.

— Аб неспрыяльных умовах надвор’я (цыклонах, моцных снегападах) камунальныя службы загадзя папярэджвае Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, — падкрэсліў Сяргей Сарока. — У непагадзь да ўборкі снегу прыцягваецца ўся спецыялізаваная тэхніка. Ёсць таксама магчымасць хутка пераабсталяваць дадатковую.

Расчыстка праводзіцца па загадзя вызначаных маршрутах і ў пэўным парадку. Спачатку расчышчаюцца галоўныя вуліцы і подступы да сацыяльна значных аб’ектаў (бальніц, школ, дзіцячых садоў, магазінаў). Вызваляюцца ад снегу аўтобусныя прыпынкі, іншыя аб’екты гарадской інфраструктуры. Потым надыходзіць чарга невялікіх праездаў і дваровых тэрыторый. Па магчымасці работу выконвае тэхніка, хаця і дворнікі таксама задзейнічаны. Такім чынам, транспартная і пешаходная сувязь падтрымліваецца нават пры зацяжным снегападзе.