Новости Молодечно и Молодечненского района

Медальны залік Радашковіцкага керамічнага завода

  • 2017-07-12 05:43:41
  • Алег Бяганскі

Апора на калектыў

— Радашковіцкі керамічны завод – адно з нямногіх прадпрыемстваў айчыннай будаўнічай галіны, якое ў цяперашніх даволі складаных эканамічных умовах працуе з поўнай загрузкай, — гаворыць дырэктар таварыства Алег Мішчанка. – Каля трэці прадукцыі пастаўляецца на экспарт, у асноўным у Расійскую Федэрацыю. Забудоўшчыкі цэняць радашко-
віцкую цэглу за экалагічнасць, даўгавечнасць, іншыя спажывецкія якасці.

Алег Сяргеевіч адзначыў, што на прадпрыемстве паспяхова выконваецца праграма мадэрнізацыі. Кожны год набываецца новае сучаснае абсталяванне, абнаўляюцца вытворчыя фонды, удасканальваецца тэхналогія вытворчасці будаўнічых матэрыялаў. Дзякуючы гэтаму зніжаецца сабекошт прадукцыі, павышаецца яе якасць. Завод можа паспяхова канкурыраваць як на ўнутраным, так і на знешнім рынках.         

Важнае значэнне мае і тое, што сродкі на мадэрнізацыю выдзяляе само прадпрыемства. Крэдытныя рэсурсы не прыцягваюцца. Гэта павышае фінансавую ўстойлівасць, надае дадатковыя канкурэнтныя перавагі.
— Эфектыўная сацыяльная палітыка – яшчэ адзін складальнік поспеху, — дадаў Алег Мішчанка. — Калектыў завода, а гэта каля 210 чалавек, у асноўным жыхары Радашковіч і бліжэйшых вёсак. Сярэдні заробак на прадпрыемстве каля 770 рублёў. Акрамя таго, для работнікаў прадугледжаны важкі сацыяльны пакет. Па якасці калектыўнага дагавора і аб’ёме прадугледжаных ім гарантый мы з’яўляемся прызнанымі лідарамі сярод прадпрыемстваў будаўнічай галіны.

Людзі бачаць адносіны да сябе і працуюць з поўнай аддачай. Прадукцыя завода штогод адзначаецца на шматлікіх нацыянальных і міжнародных конкурсах і кірмашах.

Радашковіцкая цэгла выкарыстоўвалася пры ўзвядзенні такіх знакавых аб’ектаў як «Мінск-Арэна» і «Чыжоўка-Арэна». У планах калектыву на наступны год – асваенне выпуску абліцовачнай цэглы.         

Прыемна, што ацанілі

Вячаслава Мацаральніка мы заспелі ў час працы. Ён на магутным пагрузчыку спрытна забіраў з прамежкавага склада гліну і падаваў яе на канвеер.

— Завод павінен працаваць рытмічна, на ўліку кожная хвіліна, — зазначыў вадзіцель. – Вынік работы прадпрыемства залежыць ад намаганняў кожнага. Я і мае калегі разумеем гэта, таму свае абавязкі выконваем якасна і сумленна. Увогуле, гультаі, лайдакі і абібокі ў нас не затрымліваюцца. А вось працавітым і адказным на заводзе пашана і павага.
Вячаслаў Лаўрэнцьевіч працуе на прадпрыемстве з 1986 года. Спачатку кіраваў аўтобусам, потым перасеў на пагрузчык. Тэхніку ведае дасканала. Можа без дапамогі справіцца з любой няспраўнасцю. Пры неабходнасці застаецца на заводзе пасля змены або выходзіць у выхадныя.

— Калі даведаўся пра медаль, было вельмі прыемна. Значыць, мая праца патрэбная і запатрабаваная, а рабочыя спецыяльнасці ў краіне цэняцца, — падкрэсліў перадавік.        

Фота: Аляксей ПЛАТКО.