Новости Молодечно и Молодечненского района

Машына часу Таццяны Шылко

  • 2017-10-09 07:12:54
  • Алег Бяганскі


— Гісторыяй захаплялася з дзяцінства, гэта быў адзін з маіх любімых школьных прадметаў, — расказвае Таццяна Вячаславаўна. – А яшчэ я любіла вучыцца, кожны дзень спасцігаць нешта новае. Таму работа ў архіве спадабалася адразу. Калі працуеш з архіўнымі дакументамі, пераносішся ў мінулае. Гэта надзвычай цікава і захапляльна. Нібыта ўключаецца машына часу.
Субяседніца адзначыла, што ў аддзел даведачнай работы людзі звяртаюцца па самых розных прычынах. Некаму трэба аднавіць дакументы, пацвердзіць працоўны стаж, некаму — знайсці сваякоў або даведацца пра лёс продкаў. У кожным выпадку архівісты робяць усё, каб выканаць просьбу. Яны разумеюць: для чалавека гэта вельмі важна. Часам даводзіцца шукаць ускосныя доказы таго ці іншага факта.

Так, аднойчы жыхарцы нашага горада спатрэбілася даказаць радство з братам. У пасведчанні аб яе нараджэнні была зменена літара. Потым памылка «перабралася» ў пашпарт. У выніку жанчына не мела магчымасці ўступіць у спадчыну. Дакладную інфармацыю знайшлі ў гаспадарчых кнігах.

Таццяна Шылко закончыла Нясвіжскі педагагічны каледж і Баранавіцкі дзяржаўны ўніверсітэт. У Маладзечанскім занальным дзяржаўным архіве працуе з 2011 года. Найбольш яна цэніць магчымасць дакрануцца да гісторыі, даведацца пра мінулае роднага краю.

— Архіў абслугоўвае Маладзечанскі, Валожынскі, Вілейскі і Мядзельскі раёны. У ім захоўваюцца дакументы пасляваеннага перыяду, спісы выбаршчыкаў у Сейм і Сенат Польшчы, фонд Вілейскай абласной пракуратуры, іншыя ўнікальныя матэрыялы з 1919 года. Да нас звяртаюцца нават жыхары далёкага замежжа, — падкрэсліла Таццяна Шылко.

Самай дарагой узнагародай архівіст лічыць удзячныя ўсмешкі наведвальнікаў. Калі людзі звяртаюцца па дапамогу і знаходзяць яе, значыць, архіў мае права на існаванне. Захоўваць і вяртаць мінулае – задача надзвычай ганаровая і высакародная.

Цікава ведаць.
У нашай краіне Дзень архівіста святкуецца 6 кастрычніка. Дата прымеркавана да адкрыцця ў 1863 годзе Віцебскага цэнтральнага архіва старажытных актавых кніг.
Маладзечанскі занальны архіў налічвае 1732 фонды, 2687 вопісаў, 268518 адзінак захоўвання.
Архіўныя сховішчы Беларусі змяшчаюць больш за 12 мільёнаў розных дакументаў, а структура сістэмы дакументальнай беларускай спадчыны прадстаўлена 169 падведамнымі арганізацыямі.
Штогод на сайце «Архівы Беларусі» размяшчаецца тэматычная віртуальная выстаўка. Аўтаматызаваны каталог архіўных дакументаў на постсавецкай прасторы існуе ва ўмоўна-вольным доступе толькі ў дзвюх краінах — Беларусі і Расіі.

Фота: Аляксей ПЛАТКО.