Кульмінацыяй дня стала ўрачыстае ўзнагароджанне пераможцаў рэспубліканскага конкурсу на лепшы маладзёжны атрад аховы правапарадку і штаб МААП па выніках 2016 года. Сярод лідараў і маладзечанцы -- атрад «Барс» нашага гандлёва-эканамічнага каледжа. А яго камандзір Аксана Апяцёнак названа лепшым камандзірам.
Атрад існуе 11 гадоў. На рахунку юных праваахоўнікаў сотні дзяжурстваў з прадстаўнікамі раённага аддзела ўнутраных спраў, гаррайаддзела па надвычайных сітуацыях. Апошнім часам умацавалася супрацоўніцтва з райаддзелам Следчага камітэта. Навучэнцы неаднойчы дапамагалі папярэджваць правапарушэнні і раскрываць злачынствы, а таксама выступалі як панятыя.
-- У нас нават ёсць размеркаванне дзейнасці ў залежнасці ад віду правапарушэння або злачынства, -- заўважае Аксана Апяцёнак. – Напрыклад, будучыя эканамісты і бухгалтары дапамагаюць у раскрыцці крадзяжоў і так званых эканамічных злачынстваў, праграмісты спецыялізуюцца на выкрыцці парушэнняў закона ў сацыяльных сетках, а юрысты (іх, дарэчы, у атрадзе пераважная большасць) унікаюць у спектр юрыдычнай сферы, асаблівасці і магчымасці беларускага заканадаўства.
У «Барсе» больш за паўсотні юнакоў і дзяўчат, атрад чацвёрты раз прызнаны лепшым у Беларусі. У Полацку скарбонка папоўнілася чарговымі ўзнагародамі: камандзір атрада атрымала дыплом за плённую работу, яе намеснік Аляксей Бітэль і актывісты Аляксей Кукула і Раман Куніца -- граматы. Хлопцы вучацца на трэцім курсе. Яны лічаць, што правапарадак у вёсцы, горадзе і ўрэшце ў краіне залежыць ад кожнага з нас.
Больш падрабязна -- у "МГ" за суботу, 11.02.2017 г.
Фота: прадаставіла Аксана Апяцёнак.