Суполкай мясцовых палякаў кіруе Тамара Абрамовіч.-- Наша арганізацыя яднае тых, хто цікавіцца гісторыяй, культурай, традыцыямі Польшчы, хоча больш даведацца аб сваіх каранях, -- заўважае яна. -- Усё часцей да нас далучаюцца цэлыя сем’і і моладзь.
Сёння ў гарадскім аддзеле Саюза амаль 40 чалавек. Сярод актывістаў старэйшага пакалення -- Яніна Русовіч, Данута Табачнікава, Вацлаў Шутовіч, Галіна Рогач, Мікалай Кот.
-- Мы супрацоўнічаем з раённай цэнтралізаванай клубнай сістэмай, залай літаратуры на замежных мовах цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Максіма Багдановіча. Наведваем шматлікія тэматычныя мерапрыемствы -- сустрэчы з пісьменнікамі, спецыялістамі Польскага інстытута ў Мінску, а таксама прэзентацыі кніг і фільмаў, -- працягвае Тамара Міхайлаўна. -- Мелі гонар прадстаўляць наш рэгіён на з’ездзе Саюза палякаў, які праходзіў у беларускай сталіцы. На ім мы выбралі новага кіраўніка аб’яднання Мечыслава Лысага.
Маладзечанскія палякі прымаюць удзел у многіх раённых мерапрыемствах і акцыях. Напрыклад, разам з прадстаўнікамі іншых дыяспар садзілі алею Дружбы ў парку Перамогі. Сёлета сярод самых запамінальных – дабрачынны канцэрт, падрыхтаваны сумесна з клубнай сістэмай. Творчыя падарункі былі адрасаваныя выхаванцам цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі.
Многія жыхары памятаюць выступленні таленавітых дзяўчат Юліі Абрамовіч, Дар’і Савіцкай, Ірыны Сазонавай, якія спяваюць па-польску. Юлія неаднойчы перамагала на фестывалях нацыянальных культур у Гродне. Здольная дзяўчына закончыла музычны каледж імя М.К. Агінскага, цяпер вучыцца на чацвёртым курсе сталічнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў і працуе культарганізатарам у клубнай сістэме Маладзечаншчыны.
Апошнім часам далучыліся да суполкі іншыя выканаўцы польскіх песень, сярод якіх Таццяна Цэнцавіцкая, Вольга Скапец, Таццяна Скуцельнікава, а таксама добра вядомы народны вакальны ансамбль «Менестрэлі».
Песня – гэта тое, што яднае. І няма ніякай розніцы ў тым, хто чалавек па нацыянальнасці. Шмат творчых нумароў маладзечанскія палякі падрыхтавалі да 25-годдзя дзейнасці арганізацыі.
Канцэрт адбудзецца 6 кастрычніка ў 17.00 у памяшканні цэнтралізаванай клубнай сістэмы па адрасе: вул. Лібава-Роменская, 71. Уваход вольны.
Ірына РАБУШКА.