Шматгадовыя партнёрскія сувязі звязваюць наш раён з горадам Каломнай Маскоўскай вобласці, які знаходзіцца за 115 кіламетраў ад расійскай сталіцы. Гэтай восенню Каломна адзначыла свой 841-ы год нараджэння. На ўрачыстасці прысутнічала і дэлегацыя нашага раёна на чале з начальнікам упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Аленай Барада.
Таксама ў складзе дэлегацыі былі старшыня Маладзечанскага раённага аб’яднання прафсаюзаў Таццяна Яцухна, дырэктар друкарні «Перамога» Людміла Петрусевіч, галоўны інжынер гэтага прадпрыемства Дзяніс Емяльянчык.
Маладзечанцы прынялі ўдзел у шматлікіх мерапрыемствах, якія праходзілі ў рамках Дня горада. На ўрачыстасці Алена Барада ўручыла кіраўніку Каломенскай гарадской акругі Дзянісу Лебедзеву віншавальны адрас і сувеніры ад кіраўніцтва Маладзечанскага раёна. Запомніліся нашым землякам масавы дабрачынны забег «Пульс дабра», у якім прынялі ўдзел прыхільнікі здаровага ладу жыцця – ад дзяцей да пенсіянераў. Цікавай была праграма VII Міжнароднага яблычна-кніжнага фестывалю «Антонаўскія яблыкі»: творчыя сустрэчы, тэатральныя пастаноўкі, літаратурныя чытанні ў парках і скверах, абед пад адкрытым небам, на які гараджане прыносілі стравы, прыгатаваныя па сямейных рэцэптах.
— Мы наведалі сацыяльна-рэабілітацыйны цэнтр для непаўналетніх, дом-інтэрнат для пажылых людзей, — дзеліцца ўражаннямі Алена Барада. — Суправаджаў нас на сацыяльных аб’ектах начальнік Каломен-
скага гарадскога ўпраўлення сацыяльнай абароны насельніцтва Сяргей Сальнікаў. Мы вывучылі вопыт работы па аказанні паслуг, стварэнні безбар’ернага асяроддзя. Сваімі ўражаннямі ад наведвання гэтых аб’ектаў падзяліліся ў ходзе сустрэчы за круглым сталом з удзелам прадстаўнікоў адміністрацыі, сацыяльнай абароны, прафсаюзаў, кіраўнікоў мясцовых арганізацый і ўстаноў Каломны. Таксама абмеркавалі формы магчымага супрацоўніцтва ў сферы сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, культуры, далі інтэрв’ю мясцоваму тэлебачанню.
Значнай падзеяй стала падпісанне пагаднення аб супрацоўніцтве паміж Маладзечанскім раённым аб’яднаннем прафсаюзаў і Каломенскім гарадскім каардынацыйным саветам арганізацыі прафсаюзаў на 2018-2020 гады. Яго замацавалі подпісамі прафсаюзныя лідары Таццяна Яцухна і Віктар Фільчагін. Таццяна Пятроўна адзначае, што падрыхтоўчая работа ў гэтым кірунку ішла два гады. Пагадненне прадугледжвае развіццё эфектыўнага супрацоўніцтва паміж рэгіянальнымі прафсаюзамі, пярвічнымі арганізацыямі, абмен вопытам.
Дырэктар маладзечанскай друкарні «Перамога» Людміла Петрусевіч і галоўны інжынер Дзяніс Емяльянчык азнаёміліся з работай Каломенскай друкарні.
Для нашай дэлегацыі былі арганізаваны экскурсіі ў Каломенскі крэмль, у мясцовы канькабежны цэнтр. Пабывалі нашы землякі на кракадзілавай ферме ў агратурыстычным комплексе ў сяле Парфенцьева.
Было шмат цёплых сустрэч, знаёмстваў. Гэты візіт у чарговы раз пацвердзіў, што ў беларусаў і расіян шмат агульнага, што ў нашых краін, асобных рэгіёнаў вялікія перспектывы супрацоўніцтва як у сацыяльнай, культурнай сферы, так і ў эканоміцы.
Фота: архіў раённага аб’яднання прафсаюзаў.