Новости Молодечно и Молодечненского района

Мір вам, людзі ўсёй зямлі!

  • 2017-09-28 06:48:18
  • Ірына Рабушка

У Беларусі шырока адзначаўся Міжнародны дзень міру. Увага найперш была скіравана на патрыятычнае выхаванне падрастаючага пакалення. На Маладзечаншчыне тэматычныя мерапрыемствы праводзіліся пад эгідай і пры ўдзеле раённага аддзялення Беларускага фонду міру. Да іх далучылася пераважная большасць навучальных устаноў. Удзельнічалі і вучні, і бацькі, і педагогі. У многіх школах і гімназіях пабывала старшыня Маладзечанскага аддзялення Беларускага фонду міру Святлана Чыжыкава. Яна расказала пра дзейнасць арганізацыі, засяродзіла ўвагу на тэме захавання міру на планеце, што ў многім залежыць ад падрастаючага пакалення – будучыні краіны.

У навучальных установах прайшлі ўрокі міру і памяці, ладзіліся дыскусіі і круглыя сталы. Вучні ўсклалі кветкі да памятных знакаў і помнікаў загінулым у гады Вялікай Айчыннай вайны, ушанавалі іх памяць хвілінай маўчання.

Да Дня міру школьнікі падрыхтавалі і творчыя выступленні, яркія флэш-мобы, паўдзельнічалі ў спартыўных эстафетах. У школьных дварах яны ўпрыгожылі дрэвы сімвалічнымі галубамі, далонькамі і выявай зямнога шара, стужачкамі і сцяжкамі. А ў неба выпусцілі рознакаляровыя надзіманыя шары.

Фота: архіў МАЛАДЗЕЧАНСКАГА АДДЗЯЛЕННЯ БЕЛАРУСКАГА ФОНДУ МІРУ.