У Маладзечне Віталій Міхайлавіч вёў прыём грамадзян і прадстаўнікоў юрыдычных асоб. Па просьбе карэспандэнтаў нашага выдання ён ахарактарызаваў сучасны стан айчыннай прамысловасці.
— Прамысловасць з’яўляецца лакаматывам развіцця беларускай эканомікі, — адзначыў міністр. – Так, адно рабочае месца, створанае на прадпрыемстве машынабудавання, спрыяе стварэнню сямі-дванаццаці ў іншых галінах народнай гаспадаркі. Вось чаму развіццю прамысловасці Прэзідэнт і ўрад краіны надаюць вялікую ўвагу. Дзяржава прымае неабходныя меры для павелічэння прамысловага патэнцыялу рэспублікі.
Віталій Воўк падкрэсліў, што сусветная тэндэнцыя дзейнасці прамысловых прадпрыемстваў — адыход ад работы па перадаплаце. Сёння ўсё больш суб’ектаў гаспадарання карыстаецца растэрміноўкай. Калі прадукцыя якасная і мае попыт на рынку, праблем з вяртаннем крэдытаў не ўзнікае.
Яшчэ адно пытанне, якое вырашаецца ў рэспубліцы, – забеспячэнне прадпрыемстваў падрыхтаванымі кваліфікаванымі кадрамі. У гэтым зацікаўлены Міністэрства прамысловасці, Міністэрства адукацыі, навуковая супольнасць. Вынікам іх супрацоўніцтва з’яўляецца новая навукаёмістая прадукцыя (электробусы, аўтамабілі павышанай грузападымальнасці, іншая экспартаарыентаваная прадукцыя).
Дадатковы стымул развіццю галіны надае і агульная лібералізацыя эканамічнай дзейнасці.
— Сёння на сустрэчу прыйшлі кіраўнікі Маладзечанскага завода парашковай металургіі і завода «ЭНЭФ». Гэтыя прадпрыемствы працуюць стабільна, забяспечваюць годны ўзровень заработнай платы работнікаў, пашыраюць вытворчую кааперацыю, — паведаміў Віталій Воўк.
Фота: Аляксей ПЛАТКО.