Чытайце таксама: Лёс закінутых дамоў розны. Ці знос, ці другое жыццё
Праблему старых дамоў нядаўна ўзняў кіраўнік нашай краіны: наспеў час больш актыўна зносіць такія будынкі, а землі, на якіх яны знаходзяцца, пускаць у абарот. У 2012 годзе выдадзены Указ №100 «Аб мерах па ўдасканаленні ўліку і скарачэнні колькасці пустых і старых дамоў у сельскай мясцовасці», згодна з якім выпрацаваны канкрэтны алгарытм дзеянняў. У бліжэйшы час павінны адбыцца змены ў заканадаўстве, накіраваныя на аблягчэнне вырашэння на месцах гэтага актуальнага пытання.
Па ўзаемнай згодзе
На Маладзечаншчыне гэта работа вядзецца пастаянна. Як паказвае практыка, знос старога дома – справа вельмі няпростая, яна патрабуе граматнага падыходу, дасканалага ведання заканадаўчай базы, немалых грашовых сродкаў і намаганняў.
Разам з выконваючай абавязкі старшыні Лебедзеўскага сельскага выканаўчага камітэта Тамарай Дудзіч мы пабывалі ў вёсцы Рэдзькі, дзе ў кастрычніку гэтага года быў знесены стары дом. Ад Лебедзева да Рэдзькаў – каля 15 кіламетраў, можна сказаць, што гэта глыбінка. Краявіды навокал прыгожыя, лес падступае да сядзіб. Вёска вялікая, доўгая, шмат добрых дамоў, адчуваецца, што тут жывуць дбайныя і працавітыя гаспадары. Між тым ёсць і закінутыя сядзібы. «Вось на гэтым участку таксама стаяла старая хата, якую мы нядаўна знеслі, — расказвае Тамара Уладзіміраўна. – Яе гаспадар жыве ў Расіі. У вёску прыязджаў вельмі рэдка – блізкіх тут не засталося. Некалькі гадоў таму прывозіў сюды сваіх дзяцей, паказаў ім мясціны, дзе нарадзіўся. Магчымасці падтрымліваць дом у добрым стане ў яго не было, і на продаж не выставіш. Мужчына даведаўся пра Указ №100, прыйшоў да нас у сельскі Савет, напісаў заяву, у якой адмовіўся ад дома і зямельнага ўчастка, даў згоду на знос. У такім выпадку дзяржава бярэ на сябе ўсе выдаткі. Мы падрыхтавалі неабходны пакет дакументаў і правялі знос дома. Вось паглядзіце, які добры ўчастак на ўскрайку лесу. Выставім яго на продаж, магчыма, хто-небудзь захоча тут узвесці новую сядзібу».
Мясцовым органам улады прасцей, калі гаспадары старых дамоў згодныя іх знесці і пішуць адпаведную заяву. Але нямала выпадкаў, калі ўладальнікаў цяжка адшукаць (яны могуць жыць і за мяжой) ці яны не ідуць на супрацоўніцтва з сельвыканкамам. Пустыя старыя дамы, як правіла, часцей можна ўбачыць у аддаленых вёсках. У Лебедзеўскім сельсавеце гэта Рэдзькі, Беніца, Якавічы, Грудкі, Іваноўшчына.
Пакуль бацькі жывыя
Яшчэ адна праблема – правільнае і своечасовае дакументальнае афармленне дома, атрыманага ў спадчыну. Кіраўнік спраў Лебедзеўскага сельвыканкама Наталля Бычкевіч расказвае, што ў яе практыцы былі выпадкі, калі наследнікі своечасова не паклапаціліся аб дакументах, а потым проста на ўсё махнулі рукой, маўляў стары дом не варты такіх намаганняў і грошай.
— Пакуль бацькі жывыя, абавязкова трэба аформіць пасведчанне аб дзяржаўнай рэгістрацыі на зямельны ўчастак і капітальную пабудову ў агенцтве па дзяржаўнай рэгістрацыі і зямельным кадастры, — нагадвае Наталля Паўлаўна. — Пасля смерці бацькоў ці сваякоў, якія перадалі вам дом у спадчыну, трэба на працягу 6 месяцаў звярнуцца ў натарыяльную кантору і аформіць заяву на прыняцце спадчыны. Калі міне 6 месяцаў, вы атрымаеце пасведчанне аб праве на спадчыну, пасля чаго можна дом перарэгістраваць на сябе. Працэдура нескладаная, калі ўсё зроблена своечасова. Калі ж час упушчаны, дакументы не аформлены ў вызначаны тэрмін, давядзецца звяртацца ў суд, а гэта немалыя расходы, час, нервы…
Участкі карыстаюцца попытам
Тамара Дудзіч зазначае, што цяпер сельвыканкам падрыхтаваў неабходны пакет дакументаў для продажу на аўкцыёне трох участкаў – аднаго ў Лебе-дзеве і двух у Мароськах. Гэтыя населеныя пункты, а таксама Асанава, Заскавічы, Вяжуці лічацца аўкцыённымі. Бясплатна тут могуць атрымаць участкі на будаўніцтва толькі тыя, хто стаіць на чарзе на паляпшэнне жыллёвых умоў, усе астатнія могуць іх купіць.
Яшчэ адзін варыянт навядзення парадку на зямлі: людзі прадаюць свае ўчасткі разам са старымі збудаваннямі, якія зносяць іх новыя гаспадары. Сёлета на тэрыторыі Лебедзеўскага сельсавета было шэсць такіх выпадкаў. З цягам часу на месцы старых развалін вырастуць новыя дамы, якія кардынальна змяняюць аблічча сучаснай вёскі.
Фота: Аляксей ПЛАТКО.