Аналагічным чынам паступілі жыхары іншых дамоў, прынамсі дамоў №34, 36 і №38 па вуліцы Францішка Скарыны. Як бы там ні было, рэспект і павага такім людзям!
Прадчуваю такую рэпліку: а навошта тады дарожнікі і камунальнікі, калі мы іх работу выконваць будзем? Яшчэ больш, у інтэрнэце нават лямант пачаўся: куды ідуць мае падаткі, у чыіх дварах працуе спецтэхніка, няхай начальства лапаты ў рукі бярэ…
Асабіста я за тое, каб і «начальства» час ад часу выходзіла з кабінетаў і брала ў рукі лапату – толькі здароўю на карысць. А яшчэ, каб часцей па горадзе пешшу хадзіла – тады, можа, лепш уяўляла б сітуацыю ў дварах і на дарогах. Але, шаноўныя «праўдарубы» інтэрнэту, давайце пачнём з сябе. Які трактарыст асмеліцца чысціць ад снегу двор, застаўлены аўтамабілямі? А раптам выпадкова зачэпіць іншамарку?.. Ды і на вуліцах горада нямала кінутых, у прамым сэнсе гэтага слова, машын.
Я сам вадзіцель з немалым стажам і, шчыра прызнаюся, стараюся не ствараць нязручнасці іншым. У той жа час вельмі шкадую, што няма пакуль у нашым заканадаўстве артыкула, які б дазваляў строга спаганяць з тых, хто робіць наадварот. Як гаспадары аўтамабіляў, якія вы бачыце на здымках нашага фотакарэспандэнта.
Сіноптыкі абяцаюць на гэтым тыдні камфортнае, з лёгкім марозам надвор’е. Не палянуйцеся, вазьміце ў рукі лапату і папрацуйце вакол свайго чатырохколавага сябра. І самі задавальненне атрымаеце, і добрае слова ў свой адрас пачуеце. А гэта так прыемна!
Фота: Аляксей ПЛАТКО.