Кіраўніцтва аднаго з найбольш вядомых прамысловых прадпрыемстваў нашага горада не стала абмяжоўваць удзел у прафесійным конкурсе толькі прадстаўнікоў рабочых прафесій. І гэта справядліва. Бо тут працуюць вопытныя і высокакваліфікаваныя майстры, начальнікі ўчасткаў, службаў, аддзелаў. Усе жадаючыя атрымалі магчымасць прадэманстраваць свае веды перад спецыяльнай камісіяй, створанай напярэдадні.
Дарэчы, пры распрацоўцы графіка правядзення конкурсу арганізатары прынялі рашэнне пачынаць менавіта з намінацыі «Лепшы майстар, начальнік участка». Дзясяцера самых падрыхтаваных удзельнікаў на працягу некалькіх гадзін вызначалі пераможцу. Па выніках галасавання членаў камісіі ім стаў Ігар Альшэўскі, начальнік вопытнага эксперыментальнага ўчастка. Другое і трэцяе месцы занялі адпаведна майстар і старшы майстар зборачна-зварачнага цэха Уладзімір Дзядзькоў і Алег Драбо. Прафсаюзным камітэтам механанарыхтоўчага цэха прадпрыемства быў зацверджаны спецыяльны прыз у гэтай намінацыі «За волю да перамогі». Яго ўладальнікам стаў майстар цэха Валянцін Цярэшка.
Неўзабаве ў спаборніцтва ўключыліся дзявяцера прэтэндэнтаў на званне «Лепшы начальнік цэха (аддзела, службы)». У выніку ўпартай інтэлектуальнай барацьбы першае месца заняў начальнік энергамеханічнага аддзела Уладзімір Міхайлаў. На другім — намеснік начальніка зборачна-зварачнага цэха Уладзімір Лантас. Дыплом трэцяй ступені атрымаў начальнік бюро станкоў з праграмным кіраваннем Аляксандр Малафей.
Відовішчнымі атрымаліся спаборніцтвы ў намінацыі «Аператар станкоў з праграмным кіраваннем». Тут сабраліся сапраўдныя віртуозы сваёй справы. Пераможцам быў прызнаны Аляксандр Ган. На другім і трэцім месцах адпаведна Антон Кавалёў і Аляксандр Філіпаў.
І вось наступіў час прадэманстраваць сваё майстэрства электразваршчыкам. Дарэчы, як паведамілі на прадпрыемстве, менавіта тут працуюць самыя высокакваліфікаваныя рабочыя нашага раёна. Бо яны не толькі якасна выконваюць зварачныя работы, але і выдатна разбіраюцца ў чарцяжах і іншай тэхнічнай дакументацыі. Такім чынам, па выніках тэарэтычнага і практычнага конкурсу ў намінацыі «Лепшы электра-
зваршчык на аўтаматычных і паўаўтаматычных машынах» найвышэйшую адзнаку атрымаў Генадзій Тамашэвіч. Дыпломамі другой і трэцяй ступені ўзнагароджаны Сяргей Мікуліч і Павел Томкавіч.
Апошнімі ўступілі ў барацьбу за званне «Лепшы па прафесіі» слесары механазборачных работ. Удзельнікаў было васьмёра. Па ўмовах спаборніцтва ўлічвалася не толькі якасць, але і хуткасць выканання работ. Лепш за іншых справіўся з заданнем Віталій Кулік. Другое і трэцяе месца занялі адпаведна Віктар Шчуцкі і Аляксандр Чаеўскі.
Лепшыя спецыялісты акцыянернага таварыства будуць прадстаўляць калектыў на конкурсе сярод прадпрыемстваў холдынгу «Амкадор».