Лічыцца, што паспяховая корманарыхтоўка гарантуе сытную зімоўку жывёлы. Таму сельгасарганізацыі Маладзечаншчыны прыкладаюць усе намаганні, каб назапасіць як мага больш тон кармавых адзінак. Пры гэтым наперадзе ў аграрыяў жніво — галоўны экзамен для хлебаробаў. Нядаўна мы наведалі адкрытыя акцыянерныя таварыствы «Хоўхлава» і «Селеўцы» і пераканаліся, што ў гаспадарках дбаюць і пра рацыён грамадскага статка, і пра будучы ўраджай.
Гібрыды «руляць»
— Першы ўкос праведзены на 600 гектарах, цяпер праводзім другі і рыхтуемся да трэцяга, — гаворыць дырэктар ААТ «Хоўхлава» Андрэй Стадуб. – Кармы нарыхтоўваем па прагрэсіўнай тэхналогіі. Сянаж заклалі ў спецыяльныя ямы. Значная колькасць «зялёных кансерваў» бу-
дзе захоўвацца ў поліэтыленавых цюках. Такім чынам, грамадскі статак на стойлавы перыяд цалкам забяспечым кармамі.
Андрэй Віктаравіч адзначыў, што акрамя традыцыйных кармавых культур (люцэрны, канюшыны і інш.) у гаспадарцы высяваецца і высокаўраджайны сорга-суданковы гібрыд. Культывуецца ён ужо некалькі гадоў. Культура ўтрымлівае шмат цукру, мінеральных рэчываў і вітамінаў у разліку на
цэнтнер кармавых адзінак.
Сёлета пад гібрыд адведзена 40 гектараў. Пасеялі яго спецыяльнай сеялкай на полі, дзе незадоўга да таго ўбралі прызначанае на корм жывёле азімае жыта. Пры гэтым узворванне палеткаў не праводзілася. У выніку сэканомілі час і гаруча-змазачныя матэрыялы. Поле ж дасць за сезон два высокія ўраджаі каштоўных кармавых культур.
— Работнікі таварыства актыўна рыхтуюцца да жніва, — працягвае кіраўнік «Хоўхлава». – Гаспадарка заўсёды была ў лідарах па ўраджайнасці. Задача на гэты год – пацвердзіць высокія пазіцыі. Упэўнены, гэта ў нас атрымаецца.
Ужо цяпер на лінейцы гатоўнасці ўсе тры збожжаўборачныя камбайны. Іх экіпажы сфарміраваныя.
Актыўна абнаўляецца машынна-трактарны парк. Сёлета ў гаспадарку паступіла 15 адзінак новай тэхнікі, у тым ліку збожжаўборачны камбайн, прэс-падборшчык, касілка. Падрыхтаваны да прыёму новага ўраджаю і зернесушыльны комплекс. Дарэчы, працуе ён на мясцовых відах паліва (яшчэ адзін фактар зніжэння сабекошту работ).
— У гэтым годзе ў гаспадарцы ўведзены ўстойлівы да палягання і засухі гібрыд жыта «Зу Мефіста», — дадаў Андрэй Стадуб. — З аднаго пасеянага зярнятка гэтага сорту вырастае 12 сцяблін. Колас на кожным сцябле мае чатыры рады зярнят (у традыцыйным жыце – два). Культура займае 50 гектараў. Разлічваем на ўраджайнасць 80-90 цэнтнераў з гектара. Гэта будзе значны ўклад у хлебны каравай Маладзечаншчыны.
Сапраўдны гаспадар на надвор’е не наракае
Так лічыць дырэктар ААТ «Селеўцы» Уладзімір Карась. Гэта гаспадарка першай у раёне пачала корманарыхтоўку. «Зялёнае жніво» вядзецца высокімі тэмпамі, ураджайнасць палеткаў вышэйшая, чым летась.
— Высокая ўраджайнасць траў – вынік старанна праведзенай падкормкі раслін, — падкрэсліў Уладзімір Уладзіміравіч. – А паспрыяў гэтаму новы самаходны апырсквальнік «Раса», які сёлета паступіў у гаспадарку. Дае пра сябе знаць і грунтоўная падрыхтоўка да кампаніі. Тэхнікай кіруюць і абслугоўваюць яе высакакласныя спецыялісты. На належным узроўні арганізацыя працы. Такім чынам, план па корманарыхтоўцы абавязкова будзе выкананы.
Галоўным у раслінаводстве субяседнік лічыць чалавечы фактар. Менавіта ён, а не ўмовы надвор’я, у значнай ступені вызначае ўраджайнасць сельскагаспадарчых культур. Галоўнае тут — адносіны да працы, строгае выкананне агратэхнічных норм, укараненне перадавых тэхналогій. У «Селеўцах» гэта разумеюць, таму дзейнічаюць у адпаведных напрамках.
— Гаспадарка традыцыйна паказвае на жніве высокія вынікі, — зазначыў Уладзімір Карась. – Так будзе і сёлета. Да ўборачнай рыхтуемся з усёй адказнасцю. Спецыялісты прыводзяць у парадак тэхніку і агрэгаты. Для ўдзельнікаў жніва прадугледжана бясплатнае харчаванне (такая норма прапісана ў калектыўным дагаворы). Людзі забяспечваюцца спецадзеннем.
Усяго на ўборцы рапсу, збожжавых і зернебабовых у «Селеўцах» будзе задзейнічана пяць збожжаўборачных камбайнаў. Нагрузка на кожны складзе прыкладна 230 гектараў. Механізатары матываваныя, яны гатовы працаваць ад цямна да цямна. Такім чынам, і работнікі, і кіраўніцтва гаспадаркі здадуць самы галоўны экзамен для хлебаробаў паспяхова.
Як паведаміла галоўны аграном упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Аляксандра Харук, у раёне яшчэ ніколі не нарыхтоўвалі такую вялікую колькасць сенажу да пачатку жніва. Дасягнута гэта ў асноўным за кошт другога ўкосу. Справа ў тым, што з-за засухі ў канцы мая травы развіваліся слаба. Таму корманарыхтоўка сёлета пачалася раней, чым звычайна. Гэта дало магчымасць культурам абнавіцца ў найбольш спрыяльны для росту і развіцця перыяд.
— Немалаважнае значэнне мае і своечасовае ўнясенне дастатковай колькасці азотных угнаенняў, — дадала Аляксандра Мікалаеўна. – Прычым стаўка рабілася на ўнясенне азоту ў вадкім выглядзе. Такая падкормка дзейнічае найбольш эфектыўна. Акрамя таго, падрыхтоўка да нарыхтоўкі кармоў праводзілася больш грунтоўна. У гаспадарках хапала гаруча-змазачных матэрыялаў. У выніку прастоі тэхнікі былі зведзены да мінімуму.
Тэкст і фота: Алег БЯГАНСКІ.