Новости Молодечно и Молодечненского района

Корманарыхтоўчы канвеер у Лебедзеве працуе без збояў

  • 2021-06-04 05:52:56
  • Алег Бяганскі

Усяго лебедзеўцы задзейнічалі 25 адзінак тэхнікі, у тым ліку тры магутныя корманарыхтоўчыя комплексы. Летась машынна-трактарны парк гаспадаркі папоўніўся новым высокапрадукцыйным кормаўборачным камбайнам «Палессе». Сёлета паступілі механізаваныя касілка (хутка прыйдзе яшчэ адна) і граблі.

— Адметнасць гэтага сезона ў тым, што кармавыя травы растуць вельмі інтэнсіўна, таму ўбраць іх трэба ў максімальна сціслыя тэрміны, — гаворыць галоўны аграном аграфірмы Вадзім Кузьма. – Ад гэтага ў многім залежыць якасць «кансерваў для кароў», а значыць, будучыя надоі і прывагі.

Цяпер у гаспадарцы вядзецца ўкос шматгадовых злакавых траў. Займаюць яны каля 1700 гектараў. Ураджайнасць складае прыкладна 200 цэнтнераў зялёнай масы з гектара. Аб’ёмы ўборкі з кожным днём нарастаюць. Спрыяе гэтаму добрая арганізацыя працы і высокая кваліфікацыя спецыялістаў.

Аляксей Лапко на магутным «Амкадоры» займаецца трамбаваннем зялёнай масы.

Немалаважнае значэнне мае і лагістыка. Палі, на якіх вядзецца корманарыхтоўка, знаходзяцца на адлегласці не больш за восем кіламетраў ад сянажных траншэй, куды з іх звозіцца зялёная маса. У выніку павышаецца тэмп уборкі, эканоміцца паліва.

Вялікая ўвага надаецца якасці «зялёных кансерваў». Сянаж закладваецца нарматыўнай вільготнасці. Адсочваюцца іншыя параметры вітаміннага корму.

— Пасля першага ўкосу будзе праведзена падкормка палёў азотнымі ўгнаеннямі. Гэта гарантуе хуткі рост траў і багаты ўраджай зялёнай масы ў другім і трэцім укосах. Будуць убраныя іншыя кармавыя культуры. Такім чынам, гаспадарка назапасіць дастатковую колькасць кармоў для буйной рагатай жывёлы на стойлавы перыяд, — адзначыў Вадзім Кузьма.

Тэкст і фота: Алег БЯГАНСКІ.