Новости Молодечно и Молодечненского района

Кинолог: «Курс послушания должны пройти все собаки бойцовых пород»

  • 2017-07-18 09:47:42
  • Алег Бяганскі

...Мужчына ў чорнай масцы набліжаецца да дзяўчынкі, бярэ яе ў заложнікі, пагражаючы зброяй. Гучыць сірэна міліцэйскай машыны. Праваахоўнікі загадваюць злачынцу здацца. Бандыт адмаўляецца – і яго атакуе службовая аўчарка. Некалькі секунд — і ўмоўны зламыснік абясшкоджаны. На вачах у гледачоў яго ў наручніках вядуць у аўтамабіль. Гэта адзін з эпізодаў паказальных выступленняў, якія арганізавала на спартыўнай пляцоўцы СШ №12 кіналагічная служба Маладзечанскага аддзела Дэпартамента аховы Рэспублікі Беларусь.

— Асноўнымі задачамі нашай службы з’яўляюцца патруляванне вуліц, затрыманне правапарушальнікаў, ахова аб’ектаў і пошук людзей, якія зніклі без вестак, — гаворыць камандзір узвода міліцыі Маладзечанскага аддзела Дэпартамента аховы Віктар Раманоўскі. – Служба паказала ўжо сваю эфектыўнасць. На яе ліку некалькі папярэджаных злачынстваў і затрыманых падазроных.

В. Раманоўскі падкрэсліў, што міліцыянеры-кінолагі заступаюць у нарады разам са сваімі падапечнымі. Пры гэтым чатырохногія памочнікі могуць належаць праваахоўнікам ці Дэпартаменту. У падраздзяленне залічваецца той, хто прайшоў тэрміновую службу ва Узброеных Сілах або не менш за два гады адслужыў міліцыянерам роты міліцыі. Сабакі таксама праходзяць спецыяльную падрыхтоўку.

— Пры дрэсіроўцы паразуменне паміж чалавекам і жывёлай вельмі важнае. У ходзе навучання павышаецца інтэлект сабакі, яго гатоўнасць падпарадкавацца. Ды і ў сям’і правільна навучаны гадаванец не наробіць шкоды. Прадстаўнікі байцовых парод (аўчаркі, ратвейлеры і інш.) павінны прайсці курс паслушэнства ў абавязковым парадку, — падкрэсліў кінолаг Сяргей Верташ.

Фота: Аляксей ПЛАТКО.