Рыбалцы замінае работа? Тады мяняем работу!
Ля возера нас сустрэлі індывідуальны прадпрымальнік Дзмітрый Бруцкі-Сцямпкоўскі і яго жонка Дар’я, якія жывуць у Мінску. Прыкладна год таму яны заняліся новай для сябе сферай прадпрымальніцкай дзейнасці — рыбаводствам з рэкрэацыйнай мэтай. У поле іх зроку трапіў вадаём у Маладзечанскім раёне.
— Мы з жонкай фанаты рыбалкі, таму і вырашылі спалучыць захапленне і бізнес, — гаворыць Дзмітрый. – Перад тым як арандаваць возера, агледзелі звыш ста водных аб’ектаў па ўсёй Беларусі. Улічылі вопыт іншых арандатараў. Падрыхтоўка дакументаў і неабходныя ўзгадненні не занялі шмат часу.
— Спачатку мы добраўпарадкавалі тэрыторыю, — падключылася да размовы Дар’я. — Ваколіцы возера былі засмечаныя, берагі зараслі хмызняком. Для зручнасці адпачывальнікаў устанавілі альтанкі, спецыяльныя памосты. У некалькі этапаў зарыбілі вадаём. Запусцілі ў яго карпа, амура, таўсталобіка, сома... Рэгулярна арганізуем спаборніцтвы сярод аматараў юшкі. У выніку адпачынак на возеры набывае ўсё большую папулярнасць. Ёсць планы па далейшым развіцці бізнесу.Дзмітрый Бруцкі-Сцямпкоўскі і яго жонка Дар’я выбралі вадаём ля Трапалава з больш чым ста водных аб’ектаў Беларусі.
Муж і жонка адзначылі, што пры арэндзе вадаёма ўлічылі інтарэсы розных катэгорый грамадзян. Так, аплата за рыбалку для дзяцей, пенсіянераў і тых, хто жыве непадалёк, зніжана. Загараць на пляжы можна бясплатна. А вось купацца ў возеры забаронена. Гэта акалічнасць якраз і выклікала нараканні адпачывальнікаў. Між тым месцы для купання вызначае райвыканкам. І трапалаўскага возера ў адпаведным пераліку няма.
Ініцыятыву варта пашыраць
Мы выслухалі меркаванні некаторых рыбакоў, якіх сустрэлі ў той дзень.
Жыхар сталіцы Сяргей Кісель аддае перавагу менавіта арандаваным вадаёмам. Гарантыя ўлову на іх нашмат большая. А значыць, любімае хобі абавязкова прынясе радасць і ўзніме настрой.
— Да рыбалкі стаўлюся вельмі сур’ёзна, — гаворыць мужчына. — Купіў спецыяльную прафесійную экіпіроўку. Мне падабаецца сам працэс лоўлі. Адным з трафеяў, якім ганаруся, быў двухкілаграмовы акунь. Магчыма, удача чакае мяне і на Маладзечаншчыне. Пра гэты вадаём даведаўся нядаўна. Цяпер буду часцей прыязджаць сюды.Сяргей Кісель прыехаў парыбачыць на Маладзечаншчыну з Мінска.
На думку 73-гадовага жыхара аграгарадка Лебедзева Іосіфа Свірыды, месцаў для арганізаванага адпачынку на вадаёмах у раёне павінна быць больш. Людзям трэба даць магчымасць камфортна бавіць час на ўлонні прыроды. Асабліва гэта актуальна цяпер, у перыяд пандэміі.
Ветэран працы мае ганаровае званне «Заслужаны сувязіст Рэспублікі Беларусь». Ён прывык бываць на свежым паветры, таму і адпачынак выбірае адпаведны — паляванне і рыбалку. На возера ля Трапалава Іосіф Свірыда прыязджае многія гады. Змены, што адбыліся пасля перадачы вадаёма ў арэнду, яго радуюць.
Бяспека перш за ўсё
Арандаваны вадаём наведалі таксама намеснік начальніка Маладзечанскага гаррайаддзела па надзвычайных сітуацыях Іван Таўгень і старшыня раённай арганізацыі рэспубліканскага таварыства выратавання на водах Анатолій Пяцюшык. Яны пераканаліся, што арандатары прымаюць неабходныя меры, каб адпачынак на возеры не азмрочыўся трагедыяй.
— Важна тое, што вадаём заўсёды пад кантролем, — сказаў Анатолій Пяцюшык. – Арандатар абазначыў небяспечныя месцы (напрыклад, падводныя крыніцы). Рыбакі туды не дапускаюцца. У халодны перыяд года пастаянна правяраецца таўшчыня лёду. Калі ён растае, водны аб’ект закрываецца для наведвання. Гэта спрыяе бяспечнаму адпачынку.
Аднак субяседнік нагадаў, што людзі самі павінны выконваць правілы паводзін на вадаёмах.Іван Таўгень і Анатолій Пяцюшык уручылі Іосіфу Свірыду памятку з правіламі бяспечнай рыбалкі.
Дарэчы, у трапалаўскім возеры водзяцца ракі — біялагічныя індыкатары чысціні вады. Значыць, «прадукцыя» вадаёма бяспечная і з экалагічнага пункту гледжання.
Двайная выгада
Як адзначыў старшыня Маркаўскага сельвыканкама Іван Мацэвіч, аб’екты і славутасці, якія прыцягваюць турыстаў, выгадныя сельсавету. Дзякуючы ім павышаецца вядомасць Маладзечаншчыны. Мясцовыя жыхары могуць прапанаваць турыстам прадукты з уласнага падворка і такім чынам атрымаць дадатковую крыніцу даходу.
Акрамя таго, дзякуючы інвестыцыям у сельскай мясцовасці ствараюцца новыя рабочыя месцы. Паляпшаецца санітарны стан тэрыторыі. Замацаваныя за прадпрымальнікамі землі прыводзяцца ў парадак.
— У Маркаўскім сельсавеце ёсць некалькі аб’ектаў, якія могуць зацікавіць турыстаў. Сярод іх возера ля Трапалава, аграсядзібы «У Мароза», «Кіпшале», «Калі на хутар». Калі інфраструктура турызму развіваецца — у выйгрышы ўсе, — падкрэсліў Іван Мацэвіч.
Тэкст і фота: Алег БЯГАНСКІ.