«Саджанцы трэба сэрцам даглядаць!»
Такі наказ давала сваім пакупнікам аграном, гаспадыня гадавальніка з Самахвалавічаў Людміла Канстанціновіч.
— Мы кожныя выхадныя калясім па ўсёй Беларусі. У Маладзечна на кірмашы любім прыязджаць, хаця шлях няблізкі – каля 100 кіламетраў. Тут ветлівыя людзі, многія сталі нашымі пастаяннымі пакупнікамі, — гаворыць Людміла Уладзіміраўна.
Пакуль мы размаўлялі, некалькі гаспадароў выбіралі саджанцы груш. Іх асартымент шырокі – каля 15 сартоў. Аднагадовыя саджанцы каштуюць 10 рублёў, двухгадовыя – 15.
Вялікі выбар яблынь – каля 20 сартоў. Ёсць вішня, чорныя парэчкі, нават персікі і абрыкосы беларускіх сартоў.Людміла Канстанціновіч не толькі прадае саджанцы, але і падрабязна расказвае, як іх даглядаць.
— А калі ўсё ж лепш садзіць пладовыя дрэвы – вясной ці восенню? – пытаюся ў агранома.
— Я за асеннюю пасадку! А тым, хто цяпер купляе саджанцы, даю парады добра паліваць, падкормліваць комплексным угнаеннем, гады два не бяліць саджанцы, год не падразаць.
Па квашаную капусту – да Галіны
— У мяне шмат пастаянных кліентаў. Хто па сушаныя яблычкі для кампоту ці па сушаныя грыбы для поліўкі прыходзіць, хто па квашаную капустку ды салёныя агурочкі. У мяне ўсё ёсць! – рэкламуе свой тавар Галіна Чаброўская.
У пластыкавых бутэльках – сушаная шыпшына (шклянка – 1 рубель 50 капеек). У пакетах расфасаваныя сушаныя яблыкі з разліку 6 рублёў за кіло. Слоік сушаных грыбоў – 10 рублёў. Бульба каштавала 1 рубель 20 капеек за кілаграм…
Галіна расказвае, што ў Гарадоцкім сельсавеце ў яе «фазэнда», на якой і вырошчвае агародніну, садавіну. А мясцовыя лясы багатыя на ягады, грыбы.Галіна Чаброўская гандлюе прадукцыяй з уласнай гаспадаркі.
— Раней я магла за дзень рукамі чатыры вядры чарніц сабраць. Усё жыццё працавала, як і бацькі мае. У таты нават медаль ВДНГ быў, — працягвае размову гаваркая пенсіянерка.
На наша пытанне, ці выгадна вывозіць тавар на кірмаш, яна з усмешкай гаворыць: «Каб не выгадна было, хто б з нас тут сядзеў?».
Карпа лепш не марозіць
— Купілі – свежага прыгатавалі, не трэба карпа марозіць, смак зусім не той, — з веданнем справы дае параду вадзіцель-прадавец ТАА «Цвецень» Ігар Боцін.
— А колькі за дзень рыбы прадаяце? – пацікавіліся мы.
— Раз на раз не прыходзіцца: калі 50 кілаграмаў, а калі і 100.
Карп, дарэчы, амаль не падняўся ў цане: восенню каштаваў 6 рублёў 70 капеек, цяпер – роўна 7 рублёў.
Пярга замест вітамінаў
Вячаслаў Юхнеўскі з Чысці шмат гадоў гандлюе на Старым Месце мёдам.
— Як пачаў з «Дажынак» прадаваць, так і пайшла справа, — гаворыць дбайны гаспадар.
У яго таксама ёсць свае кліенты, якія пасля таго, як пакаштавалі салодкі тавар, так і прыкіпелі да яго. Пчальнік Вячаслаў завёў гадоў 20 таму, знаходзіцца ён на яго роднай Валожыншчыне.
Паўлітровы слоік мёду каштуе 8 рублёў, 50 грамаў праполісу – 10 рублёў, 200 грамаў пяргі (кветкавага пылку) – 12 рублёў.Вячаслаў Юхнеўскі 20 гадоў займаецца пчалярствам.
— А для чаго прымяняецца пярга? – пацікавіліся мы.
— У ёй вялікая канцэнтрацыя карысных для арганізма рэчываў – мінералаў, ферментаў, амінакіслот. Яна паляпшае агульнае самаадчуванне, дапамагае пры прастудзе, умацоўвае імунітэт. Яе замест вітамінаў можна прымаць, — тлумачыць пчаляр.
Ужо ў інтэрнэце мы прачыталі, што за дзень трэба ўжываць аднупаўтары чайныя лыжкі гэтага цудадзейнага рэчыва.
«Пачыналі бацькі, цяпер мы працягваем»
Два Мікіты – Казакевіч і Селіверстаў — з Маркава прапанавалі бульбу і агародніну з уласных фермерскіх гаспадарак. Маладыя фермеры таксама пастаянна вывозяць сваю прадукцыю на кірмаш. «Пачыналі нашы бацькі, цяпер мы працягваем», — гавораць яны.
Бульба ў іх каштавала 1 рубель 30 капеек, морква і буракі – 1 рубель 40 капеек. Акуратнай горкай на прылаўку ляжала і сакавітая зялёная цыбуля, вырашчаная ў парніку.
Суботні дзень выдаўся не вельмі пагодлівым, перасыпаў дождж, людзей раніцай было малавата. Аднак да хлопцаў падыходзілі пакупнікі, адчувалася, што некаторыя не першы раз набываюць у іх бульбу і агародніну. Хаця фермеры адзначаюць, што восенню гандаль ішоў больш бойка. Магчыма, яшчэ зімовыя запасы не скончыліся. А можа, вясеннія кірмашы толькі пачынаюць набіраць абароты?
Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.
Фота: Віталій КРУПЯНЬКОЎ.