Новости Молодечно и Молодечненского района

Кірмаш у Маладзечне. Саджанцы… у падарунак, плюс каштоўныя парады

  • 2018-04-25 07:31:58
  • Вячаслаў Табулін



— А як жа інакш, — усміхаецца Тамара Забаронак з Самахвалавіч. — Мы з мужам ужо больш за дваццаць гадоў займаемся вырошчваннем і рэалізацыяй саджанцаў. Цяпер на пенсіі, але не прапускаем амаль ніводнага кірмашу ў Маладзечне. Нас многія садаводы тут ведаюць.

«Прабіцца» да Анатолія Забаронка адразу і сапраўды было цяжка. Ён пастаянна знаходзіўся ў акружэнні пакупнікоў. Сярод іх былі і вопытныя садаводы, і пачынаючыя. На пытанне, якія пладовыя дрэўцы карыстаюцца найбольшай папулярнасцю, Анатолій Іванавіч адзначыў, што гэта ў асноўным саджанцы беларускай селекцыі.

— Асабіста я прапаную менавіта іх. Сарты беларускай селекцыі паспяхова пераносяць не толькі суровую зіму. Яны ўстойлівыя перад самай распаўсюджанай і небяспечнай хваробай саду – паршой, і парадуюць салодкім ураджаем нават у дажджлівае лета. Калі браць яблыкі, то гэта «беларускі салодкі», «імант», «антэй», «Алеся», «весяліна», «Алена», «памяць Каваленка», «беларускі сінап», «поспех», «дарунак», «заслаўскае» і інш. Сярод груш лепшым сортам з’яўляецца «проста Марыя». Калісьці быў папулярны аднайменны серыял, аднак гэта груша названа ў гонар аўтара сорту Марыі Мялік. «Проста Марыя» лічыцца эталонам беларускага садаводства і вельмі папулярная не толькі у нас, але і ў Расіі. Не баяцца паршы таксама сарты груш «талгарская прыгажуня», «мармуровая», «вялікая летняя», «беларуская позняя».

Парэкамендаваў спецыяліст і высокапрадукцыйныя зімаўстойлівыя сарты сліў («Венера», «Нарач», «віцебская позняя», «далікатная», «чарадзейка»), вішань («вянок», «жывіца», «заранка», «новадворская»), чарэшань («віцязь», «гасцінец», «гронкавая», «народная», «прыгажуня»), абрыкосаў («знаходка», «памяць Лойка», «спадчына»), вінаграду («космас», «Мінскі ружовы», «касманаўт», «прыгажосць Поўначы»).

Шмат пладовых саджанцаў пенсіянеры-садаводы прадалі маладзечанцам са скідкай або проста падарылі. Не першы год удзельнічаюць у маладзечанскім кірмашы і госці з Давыд-Гарадка Алеся і Вячаслаў Шасцюк. Яны займаюцца насенняводствам.

— Далёка дабірацца да Маладзечна, але мы заўсёды едзем сюды з задавальненнем, — прызнаецца Вячаслаў. — Па ўсім відаць, што людзі тут жывуць працавітыя, любяць зямлю і шмат чаго вырошчваюць на сваіх дачах і ўласных падворках.

Дарэчы, прадаўцоў раслін і насення на кірмашы было шмат. Але ніхто не сумаваў. Пакупнікі ў большасці сваёй звярталіся менавіта да іх.

Навейшай тэхнікай па доглядзе за садам прыцягнулі наведвальнікаў кірмашу супрацоўнікі маладзечанскага прадстаўніцтва фірмы «Шціль». У час дэманстрацыі тэхнікі прысутныя зацікавіліся пілой, якая вельмі падобная на бензінавую, але працуе зусім ціха, без выкіду адпрацаваных газаў і не падключана да электрасеткі. Спецыялісты паведамілі, што піла вельмі эфектыўная ў рабоце, лёгкая, зручная, з ёй можна працаваць нават у памяшканні, бо замест бензіну выкарыстоўваецца акумулятар.

Шмат было на кірмашы розных сувеніраў з дрэва, скуры, саломкі. Найбольш прыцягальным у гэтым плане лічыўся прылавак рамеснікаў з Жыровіч Алены Сегень і Сяргея Сакалова. Яны прывезлі ў Маладзечна і некаторыя ўзоры садовай мэблі, элементаў ландшафтнага дызайну.

— Мы ўважліва сочым за модай і попытам дачнікаў, таму прапануем толькі папулярныя вырабы, — падзялілася сакрэтамі сваёй дзейнасці Алена Ігараўна. — Нярэдка вырабляем розныя элементы інтэр’ера, а таксама садовую мэблю па індывідуальным заказе.

Фота: Вячаслаў ТАБУЛІН.