Летась народнагаспадарчы комплекс Маладзечаншчыны выканаў даведзеныя паказчыкі па экспарце тавараў і паслуг, прамых замежных інвестыцыях, аб’ёмах будаўніча-мантажных работ. Пры гэтым не ўдалося забяспечыць выкананне паказчыкаў па працаўладкаванні грамадзян за кошт стварэння новых прадпрыемстваў i вытворчасцей, па вытворчасці валавой сельскагаспадарчай прадукцыі і рознічным тавараабароце.
Начальнік аддзела эканомікі райвыканкама Ала Маскалюк таксама паведаміла, што летась вытворчасць прамысловай прадукцыі на Маладзечаншчыне склала 747,8 мільёна рублёў, тэмп росту да папярэдняга года – 103,8 працэнта. Аднак не дасягнулі ўзроўню 2016-га такія арганізацыі, як ААТ «Красненскі льнозавод», ААТ «Беразінскае», ТАА «Велес-Міт», УП «Камунальнік», ТАА «Белхол» і іншыя.
Інавацыйную прадукцыю выпускалі восем прадпрыемстваў. Усяго яе было адгружана на суму 3,4 мільёна рублёў.
На працягу года ў развіццё эканомікі і сацыяльнай сферы інвесціравана 218,3 мільёна рублёў. Будаўнічыя арганізацыі ўвялі ў эксплуатацыю 43298 квадратных метраў жылля. Сальда знешнеэканамічнай дзейнасці склалася дадатнае і дасягнула 46,2 мільёна долараў. Асноўны прырост экспарту забяспечылі ТДА «Малснабсэрвіс», ТАА «Пакет-Пак», ТАА «Эргон Эст», фермерская гаспадарка І. Пакуша.
Намінальная сярэднямесячная зарплата па раёне за мінулы год склала 692,2 рубля, у тым ліку за снежань — 807,2 рубля (пры заданні 708,9 і 870,8 рубля адпаведна). Невыкананне задання абумоўлена, у тым ліку, апярэджаннем тэмпаў росту намінальнай заработнай платы над тэмпамі росту прадукцыйнасці працы, закрэдытаванасцю некаторых суб’ектаў гаспадарання. Негатыўны ўплыў аказала і няпоўная занятасць на найбольш буйных прамысловых прадпрыемствах.
Дарэчы, летась за кошт стварэння новых вытворчасцей у горадзе і раёне працаўладкавана 780 чалавек (пры плане 850). Каэфіцыент напружанасці знізіўся з 2,41 да 1,46 на адну вакансію, а ўзровень беспрацоўя склаў 0,8 працэнта ад эканамічна актыўнага насельніцтва.
Ала Маскалюк адзначыла значны ўклад у эканоміку раёна малога і сярэдняга бізнесу, які прадстаўлены 1573 юрыдычнымі асобамі і 3655 індывідуальнымі прадпрымальнікамі. Суб’екты гаспадарання гэтага сектара пералічылі ў раённы бюджэт 55,7 мільёна рублёў, што складае 31,6 працэнта бюджэтных паступленняў. Большасць прадпрымальнікаў задзейнічана ў сферы паслуг, гандлю, а таксама ў будаўніцтве і прамысловасці.
Як і раней, у 2017 годзе раённы бюджэт меў сацыяльную накіраванасць. На фінансаванне сацыяльнай сферы было пералічана 77,1 працэнта расходнай часткі бюджэту.
— Асноўная задача мясцовых выканаўчых органаў – забяспечыць стабільную работу рэальнага сектара эканомікі і захаваць працоўныя калектывы, — падкрэсліла начальнік аддзела эканомікі райвыканкама. – Гэта дазволіць выканаць даведзеныя прагнозныя паказчыкі, атрымаць запланаваныя аб’ёмы падатковых паступленняў, рэалізаваць сацыяльныя праграмы і павысіць якасць жыцця
грамадзян.
Спосабы дасягнення намечанага – паляпшэнне фінансавага стану прадпрыемстваў, прыцягненне інвестыцый, эканомія энергетычных рэсурсаў, сыравіны і матэрыялаў, эфектыўны менеджмент.