— Займаюся пчалярствам амаль сем гадоў, — гаворыць Алег Мікалаевіч. – Пачынаў як аматар з трох пчоласем’яў. Асабісты пчальнік знаходзіцца ў вёсцы Сакаўшчына Валожынскага раёна. У лясгасе абслугоўваю ма-
більны пчальнік з 40 вуллёў на дзвюх платформах. Ён разгортваецца там, дзе ў дадзены перыяд цвіце найбольш меданосаў. Сёлета пункт збору салодкай прадукцыі — поле ў атачэнні лесу. Дзякуючы такому месцазнаходжанню працавітыя насякомыя маюць магчымасць наведваць і разнатраўныя паляны, і сельскагаспадарчыя ўгоддзі. Дарэчы, даволі многа нектару яны сабралі з гарохавага поля, што знаходзіцца побач.
Пчаляр адзначыў, што ў спрыяльны сезон з аднаго вулля можна атрымаць 20-30 кілаграмаў мёду. Найбольшая прадукцыйнасць, калі меданосы растуць на адлегласці не больш за два кіламетры ад пчальніка. Насякомыя вельмі хутка асвойваюцца на новым месцы.
— Гэты год не надта спрыяльны для збору мёду, — працягвае субяседнік. — Адбіваецца позняя зацяжная халодная вясна з замаразкамі, вялікія скачкі тэмператур. У выніку тэрміны цвіцення раслін расцягнуліся.
Алег Гудзель падзяліўся сваімі назіраннямі за жыццём пчол. Аказваецца, у кожнай сям’і свой калектыўны характар і звычкі. Пчолам трэба толькі ствараць спрыяльныя ўмовы. Каб «пасябраваць» з імі, неабходна ведаць іх настрой. Так, насякомыя найбольш агрэсіўныя ў пахмурнае надвор’е, восенню або ў час раення. Крылатыя працаўнікі адмоўна ставяцца да паху тытуню і алкаголю, араматызатараў, поту, рэзкіх рухаў. «Дружалюбны» перыяд – час масавага цвіцення меданосаў.
Па меркаванні пчаляра, самы карысны мёд – падзевы. Ён атрымліваецца з выдзяленняў насякомых, якія жывуць на лістоце, або салодкага соку раслін. У такім мёдзе менш цукру і больш мінеральных злучэнняў. Хаця па смаку падобны прадукт, як кажуць, на аматара.
Сярод найбольш прадукцыйных меданосаў у нашым рэгіёне пчаляр выдзяляе рапс, скрыпень (иван-чай), грэчку, лугавое разнатраўе. Аднак у апошнія гады плошча меданосных палёў няўхільна змяншаецца.
— Калі мёд утрымлівае многа цукру і цукрозы (напрыклад, рапсавы або верасавы), ён абавязкова зацукроўваецца. Гэта павінны ведаць спажыўцы. А вось мёд з падвышанай канцэнтрацыяй фруктозы можа пераўтварыцца ў пасту, — адзначыў пчаляр.
Алег Мікалаевіч параіў усім спажываць мёд, бо гэты натуральны прадукт умацоўвае здароўе і падымае настрой.
Рэцэпт ад Алега Гудзеля: «Бярозавік з мёдам». Каб прыгатаваць напітак, у ёмістасць з бярозавым сокам трэба апусціць мёд з сотамі. Потым настаяць у халодным памяшканні або склепе.
Фота: Аляксей ПЛАТКО.