У гэтыя красавіцкія дні, калі ў нашым раёне праходзіць месячнік па навядзенні парадку на зямлі, ля помніка кіпела работа. З году ў год тут падтрымліваюць парадак замацаваныя за ім ААТ «Беразінскае», Гарадзілаўская СШ. Не першы год фарбуе абеліск, не баіцца працаваць на вышыні работніца завода Ірына Мялюціна. Дапамагае ёй Антон Жардзецкі, электразваршчык гэтага ж прадпрыемства. ААТ «Гарадзілава» забяспечыла фарбай, іншымі матэрыяламі. Старанна прыбіраюць тэрыторыю тэхработнік Гарадзілаўскай СШ Зоя Паляковіч, васьмікласніцы Насця Панчанка і Віка Андрыенка.
— На тэрыторыі сельсавета таксама размешчаны помнік загінулым землякам у вёсцы Пекары, за якім замацавана ААТ «Гарадзілава». Падтрымліваем мы парадак і на воінскім пахаванні на могілках, — расказвае старшыня Гарадзілаўскага сельскага выканаўчага камітэта Віктар Станішэўскі.
У парку чуваць гук бензапілы
Працягваючы тэму навядзення парадку на зямлі, старшыня Гарадзілаўскага сельвыканкама Віктар Станішэўскі адзначае, што тэрыторыя сельсавета адна з самых вялікіх у раёне, яна ахоплівае 27 населеных пунктаў. Найбольш жыхароў у аграгарадку Беразінскае, у вёсках Гарадзілава і Журэвічы. З пачатку года складзены план па добраўпарадкаванні. Утрыманне ў належным стане населеных пунктаў, падсыпка дарог, парадак на могілках, іншых месцах агульнага карыстання – у полі зроку сельвыканкама.
— Мы ўдзячны за супрацоўніцтва калектывам ААТ «Гарадзілава», ААТ «Беразінскае», іх кіраўнікам, якія не адмаўляюць нам ні ў адной просьбе, дапамагаюць з транспартам, матэрыяламі, рабочай сілай, — гаворыць Віктар Казіміравіч.
І мы пераканаліся ў гэтым, калі пабывалі ў парку аграгарадка Беразінскае. Ён старажытны і маляўнічы, аднак старыя дрэвы дастаўляюць нямала клопатаў. Вось і нядаўнія моцныя вятры павалілі больш за 20 дрэў, якія трэба тэрмінова распілаваць, звезці. Аб’ём вялікі: не першы дзень распілоўвае паваленыя дрэвы слесар-рамонтнік ААТ «Беразінскае» Сяргей Балыш, вывозяць іх экскаватаршчык Дзмітрый Дурко, вадзіцель МАЗа Анатолій Аўдзевіч.
— Важна, каб аварыйных дрэў не засталося: у парку любяць прагульвацца мясцовыя жыхары, бавяць час дзеці, — зазначае старшыня сельвыканкама. – Пасля расчысткі плануем прывесці ў парадак стадыён, пачысціць сажалку.
Эстэтыка настройвае на пазітыў
У дзень нашага прыезду вяліся работы па добраўпарадкаванні ля канторы ААТ «Гарадзілава». Зусім нядаўна рамонтная брыгада пад кіраўніцтвам брыгадзіра Анатолія Дубовіка абліцавала ганак, выклала тратуарнай пліткай дарожкі. Цяпер галоўны энергетык сельгаспрадпрыемства Аляксандр Казлоўскі, электрык Віктар Астаповіч падводзяць асвятленне для будучых ліхтароў.
— Эстэтыка настройвае на пазітыў. Калі людзі бачаць прыгажосць, то і працуюць з большай ахвотай, — лічыць старшыня ААТ «Гарадзілава» Дзмітрый Грамовіч.
Кіраўнік сельгаспрадпрыемства, якое па выніках мінулага года прызнана мацнейшым у нашым раёне, расказвае, што ля канторы будзе разбіты газон, пабудавана альтанка. У планах памяняць дах будынку канторы, аднавіць фасад. Паралельна вядуцца работы па разбіранні старой фермы ў вёсцы Замосце, прычым будматэрыялы перапрацоўваюцца ў шчэбень, які спатрэбіцца для падсыпкі дарог.
Актыўнасць людзей радуе
З удзячнасцю Віктар Станішэўскі расказвае пра неабыякавых землякоў, якія прыходзяць з прапановамі, дапамагаюць вырашаць злабадзённыя пытанні. Марына Шапавалава, стараста вёскі Дземяшы, на сустрэчы са старшынёй райвыканкама Юрыем Горлавым папрасіла дапамагчы ўстанавіць павільён на аўтобусным прыпынку. Сёння распрацоўваецца праектная дакументацыя, хочацца спадзявацца, што павільён хутка будзе ўстаноўлены. Заўсёды прыходзіць на дапамогу стараста вёскі Белае Таццяна Лісіцкая. Ля гэтай вёскі, дарэчы, пабудаваны новыя могілкі. Жанна Маркоўская, стараста Укропава, разам з землякамі наводзіла парадак у вёсцы, калі праводзілася тут свята. Наталля Філон з Беразінскага клапоціцца аб чысціні парку, аграгарадка, могілак. Браты Міхаіл і Яўгеній Садоўскія сталі ініцыятарамі ачысткі сажалкі ў сваёй роднай вёсцы Салтаны. Зацікаўлена працуюць старшыні садовых таварыстваў «Беразіна» Ніна Нядведская і «Вікторыя» Лідзія Шасцілоўская. Дарэчы, у цяперашні час ДРБУ-195 добраўпарадкуе дарогу да ДТ «Беразіна».
Яшчэ адно важнае пытанне – кансервацыя будынкаў, якія пустуюць, абмежаванне ў іх доступу людзей. Сіламі сельгаспрадпрыемства закансерваваны былы клуб у Гарадзілаве, былая кантора ў Пекарах, разабраны мехстан у гэтай жа вёсцы.
Што тычыцца старых, закінутых прыватных дамоў, то работнікі сельвыканкама звязваюцца з гаспадарамі і абавязваюць іх навесці парадак, разабраць трухлявыя будынкі, каб яны не псавалі від населенага пункта. Сёння нямала прыкладаў, калі на дзядоўскай, бацькоўскай зямлі нашчадкі ўзводзяць новыя дамы. Тэндэнцыя часу – гараджане вяртаюцца на сваю малую радзіму, імкнуцца зберагчы яе для дзяцей і ўнукаў.
Тэкст і фота: Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.