Эстафету ініцыяваў Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі, і прысвечана яна Дню Дзяржаўнага герба, Дзяржаўнага сцяга і Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь, а таксама Дню Перамогі.
-- Гэта важныя сімвалы нашай незалежнай, суверэннай краіны, якія выказваюць асноўныя каштоўнасці і ідэалы грамадства, -- заўважыла першы сакратар райкама БРСМ Іна Карпец, якая прыняла ўдзел у эстафеце. -- Іх папулярызацыя садзейнічае развіццю нацыянальнай самасвядомасці і патрыятызму. Адной з галоўных задач развіцця сістэмы патрыятычнага выхавання моладзі з’яўляецца фарміраванне ў юнакоў і дзяўчат любові да Радзімы, павагі да гісторыі краіны, беражлівых адносін да дзяржаўных сімвалаў Рэспублікі Беларусь і нацыянальных традыцый. На рэалізацыю гэтых мэт і накіравана агульнарэспубліканская эстафета «Ганаруся роднымі сімваламі», якая прадоўжыцца да 15 мая.
Сёлета свята, прысвечанае дзяржаўным сімвалам Беларусі, адзначае 25-годдзе з дня заснавання. Да ўдзелу запрашаюцца беларусы розных пакаленняў.
-- У перыяд правядзення эстафеты можна размяшчаць Дзяржаўны сцяг на вокнах прадпрыемстваў, устаноў, арганізацый, сваіх кватэр і на асабістых аўто, -- падкрэсліла лідар райкама БРСМ. -- Таксама можна публікаваць фотаздымкі з дзяржсімволікай на асабістых старонках у сацыяльных сетках пад хэштэгамі #Ганарусяроднымiсімваламi #роднаенароднае #знаюсвойфлаг #мойфлаг #мойсцяг #мойгімн #Беларусь.
Навучэнцы СШ №5 прадоўжылі і доўгатэрміновы праект БРСМ «За дело», у якім удзельнічае і працоўная моладзь Маладзечаншчыны. Яны добраўпарадкоўваюць родны край, наводзяць парадак на зямлі, закладваюць памятныя алеі, прысвечаныя Году міру і стварэння. У школе высадзілі дзесяць дрэўцаў -- елкі і туі. З пасадачным матэрыялам дапамог Маладзечанскі лясгас.
-- Кожны чалавек можа зрабіць свой уклад у добраўпарадкаванне малой радзімы, -- гаворыць 9-класніца СШ №9 Валерыя Хаванская. -- Вучні нашай школы прымаюць актыўны ўдзел у грамадска-палітычным жыцці не толькі Маладзечаншчыны, але і ўсёй краіны. Мне вельмі падабаецца ўдзельнічаць у такіх добрых справах.
Тэкст і фота: Ірына РАБУШКА.