Новости Молодечно и Молодечненского района

Дзяржзаказ выканаем!

  • 2017-09-01 12:56:03
  • Алег Бяганскі

Любыя няспраўнасці аператыўна ўстараняліся. Гэта дазволіла калектыву спраўляцца з заданнем. Што яшчэ паспрыяла поспеху — расказала намеснік дырэктара камбіната па якасці Алена Пясецкая.
У дзень нашага візіту ўраджай на прадпрыемства працягваў паступаць. Да прахадной адна за адной пад’язджалі машыны. Амаль адразу з іх адбіралі пробы збожжа і ўзважвалі груз.

— Спачатку адбываецца папярэдні аналіз збожжа, — патлумачыла Алена Уладзіміраўна. — Спецыялісты вызначаюць вільготнасць партыі, яе засмечанасць, утрыманне клейкавіны, іншыя параметры. Гэта трэба для прысваення збожжу пэўнага класа. Ён уплывае на цану прадукцыі для прадпрыемстваў АПК. Больш дакладныя даследаванні праводзяцца ў лабараторыі мукамольнай і элеватарнай вытворчасці прадпрыемства.
Мы падышлі да пункта выгрузкі. Усяго на камбінаце іх пяць.

— Асаблівасць гэтай уборачнай у тым, што амаль усё збожжа, што паступае з гаспадарак, патрабуе дасушвання (летась доля сухога грузу складала каля 80 працэнтаў). Таму ўсе тры зернесушыльныя комплексы працуюць на поўную магутнасць. Вільготнасць збожжа кантралюецца на ўсіх этапах тэхналагічнага працэсу. Ад яе залежыць захаванасць каштоўнага прадукту, — падкрэсліла Алена Пясецкая.

Галоўны інжынер прадпрыемства Віктар Касмачоў дадаў, што за сезон зернесушыльныя комплексы выпарваюць да 1000 тон вады. А ў выніку ачысткі адсейваецца да 600 тон смецця.

Па словах галоўнага бухгалтара камбіната Тамары Арцюкевіч, з пачатку ўборачнай на прадпрыемства паступіла каля 50 тысяч тон харчовага і фуражнага збожжа. Цана збожжавых і зернебабовых па дзяржзаказе фіксаваная і ўстанаўліваецца загадзя. Вясной гаспадаркі атрымалі аванс (70 працэнтаў ад кошту дзяржзаказу). Цяпер гэты аванс вяртаецца ў выглядзе прадукцыі.

— Сельгасвытворцам выгадна пастаўляць на камбінат якаснае збожжа. У гэтым выпадку прадугледжваюцца надбаўкі, — удакладніла галоўны бухгалтар.

— Асноўныя задачы прадпрыемства ў час уборачнай – выканаць дзяржзаказ і пагасіць дэбіторскую запазычанасць сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, — адзначыў дырэктар камбіната Генадзій Бажко. – Усяго запланавана нарыхтаваць каля 31 тысячы тон харчовага збожжа па дзяржзаказе і каля 40 тысяч тон — фуражнага ў залік пагашэння запазычанасці. З пастаўленымі задачамі калектыў справіцца. Залог гэтаму – прафесіяналізм і вопыт работнікаў, а таксама загадзя праведзеныя падрыхтоўчыя мерапрыемствы.

Фота: Аляксей ПЛАТКО.