Работа прадстаўнікоў сферы бытавога абслугоўвання насельніцтва і жыллёва-камунальнай гаспадаркі лічыцца адной з самых стваральных і высакародных. Для нас даўно сталі звыклымі выгоды цывілізацыі накшталт ацяплення, водазабеспячэння, азелянення тэрыторый і падтрымання ў належным стане аб’ектаў добраўпарадкавання. Часам мы нават не задумваемся, колькі сіл трэба прыкласці, каб забяспечыць стабільную і зладжаную работу гэтага маштабнага механізма.
З прывітальнымі словамі да віноўнікаў урачыстасці звярнуліся старшыня раённага Савета дэпутатаў Андрэй Паукшта, старшыня раённай арганізацыі Рэспубліканскага грамадскага аб’яднання «Белая Русь» Анатолій Асманаў, старшыня раённага аб’яднання арганізацый прафсаюзаў Таццяна Яцухна. Дарэчы, прафсаюзная сям’я бытавікоў і камунальнікаў адна з самых вялікіх у рэгіёне. Прагучалі віншаванні з нагоды прафесійнага свята і ад дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, якія агучыла Людміла Канановіч.
Лепшых спецыялістаў шчырымі апладысментамі віталі ў святочнай зале. Асаблівыя віншаванні прымала начальнік зеленапаркавай гаспадаркі УП «Камунальнік» Галіна Саўлідзі. Нагрудны знак «Ганаровы работнік жыллёва-камунальнай гаспадаркі» ёй уручыў міністр Аляксандр Церахаў на ўрачыстасці ў Нацыянальнай бібліятэцы ў Мінску. Галіна Уладзіміраўна прысвяціла рабоце ў гэтай сферы 15 гадоў, з 2013-га ўзначальвае зеленапаркавую гаспадарку.
Слесар-рамонтнік участка каналізацыйна-помпавых станцый КУП «Маладзечнаводаканал» Вячаслаў Бяліцкі на раённым свяце быў адзначаны граматай Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі. У прафесіі ён больш за чвэрць стагоддзя. Кіраўніцтва прадпрыемства і калегі ўпэўнены ў рабоце аб’ектаў, за якія адказвае Вячаслаў Канстанцінавіч.
Многія работнікі атрымалі Ганаровыя граматы і ўдзячнасці ад дзяржаўнага аб’яднання ЖКГ Мінскай вобласці», абласной і раённай арганізацый Беларускага саюза работнікаў прамысловасці і камунальна-бытавых прадпрыемстваў, райвыканкама, УП «Камунальнік», раённай арганізацыі РГА «Белая Русь».
Былі названы і тыя, чые імёны па выніках работы за мінулы год занесены на раённую Дошку гонару. Гэта электрагазазваршчык кацельнай гаспадаркі і цеплавых сетак УП «Камунальнік» Валерый Арцюкевіч, майстар жыллёва-эксплуатацыйнай арганізацыі «Чысць» раённага ЖРЭУ УП «Камунальнік» Эла Несцярэнка, а таксама прадстаўнікі КУП «Маладзечнаводаканал» — майстар павышальна-помпавых станцый Дзмітрый Бажко і машыніст помпавых установак Мікалай Фалей.
На мерапрыемстве ўшанавалі таксама ветэранаў сферы бытавога абслугоўвання насельніцтва і жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Іх запрасілі на сцэну, уручылі сімвалічныя стужкі і іншыя падарункі.
Былі названыя і пераможцы агляду-конкурсу сярод інтэрнатаў за 2017 год. У Валянціны Кедрык адразу два прызавыя месцы — першае і другое. Яна загадвае інтэрнатамі №6 і №23 па вуліцы Касманаўтаў. «Бронзавы» прызёр — Вольга Кульбака (інтэрнат па вул. Забэйды-Суміцкага, 3).
Прыемным падарункам для ўсіх прысутных сталі выступленні артыстаў цэнтралізаванай клубнай сістэмы.
Фота: Аляксей ПЛАТКО.