Новости Молодечно и Молодечненского района

Ідзе спорна работа на асеннім полі

  • 2021-10-04 07:25:39
  • Алег Бяганскі

— Сеяць азімыя мы пачалі больш за тыдзень таму, — расказаў механізатар Сяргей Бабёр. – На жаль, работу на некалькі дзён перапынілі дажджы. Як толькі стала магчыма, пасяўная аднавілася. Стараемся завяршыць кампанію як мага хутчэй.

Субяседнік адзначыў, што асенняя пасяўная больш складаная, чым вясенняя. Як і некалькі месяцаў таму, працаваць трэба ад цямна да цямна. Пры гэтым у выніках працы хлебаробы зацікаўлены асабіста. Якасны пасеў гарантуе вялікія намалоты. А гэта і слава, і гонар, і высокія заробкі.

Сёлета Сяргею Бабру даверылі тэсціраваць новы пасяўны агрэгат, выраблены ў Фінляндыі. Сеялка высокапрадукцыйная. Разлічана яна на 6 тон пасяўнога матэрыялу. За гадзіну на ёй можна засеяць пяць гектараў палеткаў. Акрамя таго, ёсць магчымасць адразу дастаўляць да кожнага зярнятка патрэбную порцыю ўгнаенняў. У выніку эканоміцца час, павялічваецца ўраджайнасць.

— У «Хоўхлаве» працую ўжо шаснаццаты год, — гаворыць хлебароб. – Неаднойчы ў складзе камбайнавага экіпажу станавіўся «тысячнікам» і «двухтысячнікам». У сям’і гадуюцца двое дзетак. Жонка раней таксама працавала ў гаспадарцы. Цяпер яна прадавец. Так больш часу можна аддаваць дзецям.

На пасяўной задзейнічана сучасная тэхніка.

Агульным ходам асенняй пасяўной у гаспадарцы мы пацікавіліся ў галоўнага агранома сельгаспрадпрыемства Леаніда Давідзёнка.

— На азімыя культуры надвор’е ўплывае менш, таму яны даюць стабільны ўраджай, — адзначыў спецыяліст. – Гэтым і карыстаюцца аграрыі. Сёлета ў «Хоўхлаве» пад азімую пшаніцу адведзена 300 гектараў, пад жыта – 60. Пэўныя плошчы выдзелены пад зялёны корм. На пасяўной, якая ідзе хуткімі тэмпамі, задзейнічана сучасная тэхніка. Насенны матэрыял прымяняецца якасны.

Галоўны аграном адзначыў выдатную работу ўсіх удзельнікаў пасяўной, сярод іх Сяргей Бабёр, Уладзімір Янкоўскі, Юрый Малькевіч, Дзмітрый Кулік.

Алег БЯГАНСКІ.
Фота: Аляксей ПЛАТКО.