Новости Молодечно и Молодечненского района

Дыплом і відэакамера – у маладзечанскіх энергетыкаў

  • 2018-10-15 09:42:19
  • Людміла Цар



Як расказала кіраўнік калектыву мастацкай творчасці МЭС Надзея Сідарэнка, тэмай першага музычнага конкурсу стала бяспечная энергетыка. Удзельнікі раскрылі тэму таксама ў жанры пародыі на тэлевізійную перадачу «Давай пажэнімся». Ролі вядомых вядучых выканалі інжынер Вольга Аліферка, вядучы інжынер Вераніка Рынкевіч і тэхнік Ганна Шынкевіч.

Па сюжэце нявеста — інспектар па ахове працы — выбірала сабе мужа па ведах тэхнікі бяспекі. Ролю прынцыповай дзяўчыны выканала загадчыца цэнтральнага склада Таццяна Ахвацюк. З’яўленне на сцэне герояў суправаджалі на экране жартоўныя фота з каментарыямі дыктара — вядучага інжынера Алы Пуставой. Патэнцыяльныя жаніхі — вядучы спецыяліст па мабілізацыйнай рабоце і рэжыме Арцём Нікалайчук, майстар Аляксандр Куцуха і старшы майстар Аляксей Санковіч — спявалі, чыталі вершы, дарылі цукеркі, гаварылі кампліменты. Спрабавалі зачараваць і заваяваць увагу строгага інспектара працы. Гледачы рэагавалі на кожны жарт, адорваючы артыстаў смехам, каментарыямі і апладысментамі, як і выхад астатніх удзельнікаў прадстаўлення — інжынера Мікіты Грыбоўскага, старшага майстра Яўгенія Раманчыка. Завяршылася праграма песенным заклікам любіць сваю Радзіму, берагчы здароўе і жыццё.

На другі дзень конкурсу каманды прадстаўлялі журы іміджавыя відэаролікі сваіх філіялаў на тэму: «РУП «Мінскэнерга» — надзейнасць, даступнасць, эфектыўнасць». Ролік Маладзечанскіх электрасетак быў прызнаны лепшым. Яго стваралі вядучы інжынер-сістэматэхнік Сяргей Рудзянкоў і інжынер Мікалай Шаўлюк.

Дыплом і каштоўны падарунак — відэакамера ад РУП «Мінскэнерга» — сталі ўзнагародай творчай камандзе МЭС.