Старшыня ААТ «Селеўцы» Уладзімір Карась: «На рахунку быў кожны дзень»
З 20 сакавіка па 5 красавіка ішла пасяўная ў ААТ «Селеўцы».
Як расказаў «МГ» старшыня сельгаспрадпрыемства Уладзімір Карась, усяго тут засеяна 950 гектараў, 650 з іх — азімыя, 300 – яравыя (у тым ліку 42 гектары — пшаніца, 200 – ячмень, 58 – зернебабовыя).
Гэты год неардынарны, з-за бясснежнай зімы запас вільгаці глебы недастатковы, таму быў важны кожны дзень пасяўной.
У ёй былі задзейнічаны 30 работнікаў сельгаспрадпрыемства. На пасяўным агрэгаце АПП-6Д на МТЗ-3522 працаваў вопытны механізатар Яўгеній Александровіч. Падвозілі насенне Валерый Бондар і Аляксей Шэўчык. Паралельна з сяўбой у другі раз праводзілася падкормка азімых азотнымі ўгнаеннямі, якія забяспечваюць якасць збожжа. Спецыялісты, механізатары працавалі адказна і зладжана, без збояў, загадзя падрыхтавалі тэхніку.
Для ўсіх, хто задзейнічаны на пасяўной, было арганізавана гарачае харчаванне ў сталовай сельгаспрадпрыемства. Абеды для хлебаробаў гатавалі вопытныя повары Ірына Юнцэвіч і Соф’я Козел.
Адметна, што для Уладзіміра Карася гэта пасяўная 30-я па ліку. Няхай яна дае добры плён і ў жніўні парадуе высокі ўраджай!
Дырэктар ААТ «Маладзечанскі райаграсэрвіс» Тадэвуш Зарэцкі: «Быў задзейнічаны ўвесь тэхнічны патэнцыял»
Як праходзіла сяўба ў сельскагаспадарчым філіяле «Маркава», расказаў дырэктар ААТ «Маладзечанскі райаграсэрвіс» Тадэвуш Зарэцкі.
— Перад сельгаспрадпрыемствамі раёна ставілася задача завяршыць сяўбу збожжавых і зернебабовых да 10 красавіка. Мы прыступілі да сяўбы ранніх яравых 30 сакавіка, завяршылі 5 красавіка. Сёлета тэхніка выйшла на палі раней, чым летась. Гэта абумоўлена тым, што ў глебе мала вільгаці. Вельмі важна было правесці пасяўную ў кароткія тэрміны, і нам гэта ўдалося. Раннія яравыя і зернебабовыя ў нас пасеяны на плошчы ў 310 гектараў. Для гэтага быў задзейнічаны ўвесь тэхнічны патэнцыял райаграсэрвіса.
Напярэдадні правялі сход, распрацавалі палажэнне аб прэміраванні, людзей зацікавілі матэрыяльна. Работнікі былі забяспечаны спецадзеннем, гарачым харчаваннем.
На працягу бліжэйшых двух дзён мы будзем сеяць аднагодкі, якія зоймуць 61 гектар. Акрамя таго, пастаўлена задача да 20 красавіка пасеяць цукровыя буракі, да 1 мая – кукурузу. І гэта рэальна. А ўся пасяўная плошча ў сельгасфіліяле складае больш за тысячу гектараў.
— Землі ў нас сугліністыя, урадлівыя, галоўнае – захоў-ваць тэхналогію, — працягвае галоўны аграном СГФ «Маркава» Юрый Дашкевіч. — Стаўку робім на пшаніцу, цукровыя буракі, рапс.
Гаворыць галоўны аграном пра тое, што на вясенніх палявых работах быў задзейнічаны 21 чалавек. Усе паставіліся да пастаўленых задач з вялікай адказнасцю, тэхніка не падводзіла. На пасяўным агрэгаце АПП-6Д на трактары МТЗ-3022 працаваў Аляксандр Рагуновіч. На падвозе насення былі задзей-нічаны вадзіцель Сцяпан Ермаковіч і палявод Аляксей Зянкевіч. Культывавалі глебу пад пасеў Ігар Жукоўскі, Міхаіл Мажуць.
Кожны хлебароб заслугоўвае добрых слоў, нашай удзячнасці за нялёгкую працу, ад якой залежыць лёс будучага ўраджаю.
Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.
Фота: Аляксей ПЛАТКО.