Да пералічаных і многіх іншых пытанняў маюць дачыненне дэпутаты мясцовых Саветаў дэпутатаў. І стараюцца ўносіць рэальны ўклад у іх вырашэнне. Пра гэта і не толькі ішла размова на рэгіянальным сходзе дэпутатаў мясцовых Саветаў дэпутатаў 27-га склікання, які адбыўся 25 жніўня. Са справаздачай на ім выступіў старшыня Маладзечанскага раённага Савета дэпутатаў Віктар Невяровіч.
Рэгіянальныя сходы, адзначыў Віктар Баляслававіч, з’яўляюцца дзейсным інструментам павышэння ролі і адказнасці дэпутатаў усіх тэрытарыяльных узроўняў. Іх правядзенне – станоўчая практыка, яна падмацавана Законам Рэспублікі Беларусь «Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні ў Рэспубліцы Беларусь», і яе варта развіваць.
Старшыня райсавета падкрэсліў, што напярэдадні дэпутаты правялі сустрэчы з выбаршчыкамі, трымалі справаздачу аб выкананні сваёй перадвыбарнай праграмы, абмеркавалі зробленае і тое, што яшчэ засталося ў пасіве, метады і арганізацыйныя мерапрыемствы для вырашэння праблемных задач.
Работа раённага Савета дэпутатаў праводзіцца ў цесным узаемадзеянні з раённым выканаўчым камітэтам, кіраўнікамі арганізацый і грамадскіх аб’яднанняў раёна і накіравана на наданне дынамізму працэсам сацыяльна-эканамічнага развіцця рэгіёна, вырашэнне штодзённых патрэб і запытаў насельніцтва, павышэнне ўзроўню жыцця насельніцтва.
Віктар Невяровіч нагадаў, што мясцовае самакіраванне Маладзечаншчыны прадстаўлена раённым Саветам (у яго склад уваходзіць 38 дэпутатаў), трынаццаццю Саветамі першаснага ўзроўню (158 дэпутатаў) і шасцю дэпутатамі абласнога Савета.
Пры раённым Савеце створаны і пастаянна дзейнічаюць прэзідыум і пяць камісій.
Сесія займае галоўнае месца сярод арганізацыйна-прававых форм работы Савета дэпутатаў. Тут адбываецца канчатковае ўзгадненне пазіцый дэпутатаў, рэалізуецца найбольш важная частка кампетэнцыі Савета. За час работы дэпутатаў 27-га склікання праведзена 29 сесій, прыняты 194 рашэнні. 52 разы збіраўся прэзідыум, адбылося 49 пасяджэнняў пастаянных камісій.
Стала добрай традыцыяй праводзіць выязныя сесіі – за справаздачны перыяд такіх было пяць. Дэпутаты, што называецца, увачавідкі маглі назіраць за працэсамі сацыяльна-эканамічных перамен на той альбо іншай тэрыторыі, браць на ўзбраенне лепшы вопыт, прадметна абмяркоўваць праблемы. Восенню, праінфармаваў Віктар Невяровіч, чакаецца правядзенне яшчэ адной: на гэты раз яна будзе прысвечана стану медыцынскай дапамогі насельніцтву і арганізацыі прафілактычнай работы па папярэджанні захворванняў на тэрыторыі раёна.
У кампетэнцыю Савета ўваходзіць зацвярджэнне раённага бюджэту, які нярэдка называюць люстэркам эканомікі. Напаўненне бюджэту наўпрост залежыць ад вынікаў работы ўсіх суб’ектаў гаспадарання, размешчаных на тэрыторыі раёна, ад кіраўнікоў і радавых работнікаў, карацей, ад усіх і кожнага.
Маладзечанскі райсавет дэпутатаў штогод рэалізуе права на павелічэнне альбо змяншэнне ставак па зямельным падатку і падатку на нерухомасць для юрыдычных і фізічных асоб. У выніку ў 2015 годзе дадаткова паступіла ў бюджэт 5058,3 тыс. руб., у 2016-м – 6965,4 тыс. руб., за першае паўгоддзе сёлета – 3412,2 тыс. руб.
У 2014-2016 гадах адбылося 178 аўкцыёнаў, ад продажу зямельных участкаў у прыватную ўласнасць і права за-
ключэння дагавораў арэнды зямельных участкаў у бюджэт раёна паступіла 3332,5 тыс. руб., у тым ліку ў бюджэт пасялковага і сельскіх выканкамаў – 1280,4 тыс. руб.
У першым паўгоддзі сёлета паступленні па згаданых артыкулах у бюджэт раёна склалі 272,4 тыс. руб., пассельвыканкамаў – 128,7 тыс. руб.
Яшчэ адной крыніцай папаўнення раённай казны з’яўляецца паступленне даходаў ад продажу маёмасці, якая знаходзіцца ва ўласнасці раёна, і ўцягнення ў гаспадарчы абарот маёмасці, якая выкарыстоўваецца неэфектыўна. За справаздачны перыяд сума паступленняў склала 8343,9 тыс. руб.
На працягу шэрагу гадоў у Маладзечанскім раёне актуальнымі заставаліся пытанні рэканструкцыі і будаўніцтва сетак цеплазабеспячэння. Штогод адбывалася замена без малога дзесяці кіламетраў сетак. Пабудавана новая сучасная кацельня коштам 6 млн руб. і адрамантавана лазня ў Радашковічах.
З мэтай паляпшэння якасці пітной вады ў аграгарадках Беразінскае, Аляхновічы, вёсках Груздава і Дубрава ўстаноўлены станцыі абезжалезвання. Праведзена рэканструкцыя каналізацыйна-помпавай станцыі ў Аляхновічах і ачышчальных збудаванняў у Лебедзеве. Штогод уводзіцца каля 35 тыс. кв. м жылых дамоў пасля капрамонту.
У 2016 годзе было адкрыта аддзяленне кругласутачнага знаходжання пажылых грамадзян і інвалідаў на 25 месцаў у пасёлку Сасновы Бор, дарэчы, адрамантаванае за кошт спонсарскіх сродкаў і заробленых на раённым суботніку летась.
За справаздачны перыяд ва ўстановах адукацыі абсталяваны 9 сучасных кабінетаў фізікі і хіміі, 5 лінгафонных кабінетаў, набыты каля 20 інтэрактыўных дошак, розная камп’ютарная тэхніка.
Установы сацыяльнай сферы ўзялі за практыку праводзіць рамонт гаспадарчым спосабам і па грамадзянска-прававых дагаворах, што знізіла выдаткі на такія работы. Разам з тым, заўважыў Віктар Невяровіч, на кантролі раённых улад застаюцца пытанні, вырашэнне якіх патрабуе значных фінансавых выдаткаў з бюджэту. Гэта будаўніцтва вучэбна-педагагічнага комплексу «Дзіцячы сад – пачатковая школа» ў мікрараёне №11 і капітальны рамонт будынка цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Максіма Багдановіча, будаўніцтва палігона цвёрдых бытавых адходаў з лініяй сартавання, завяршэнне будаўніцтва сістэмы водазабеспячэння і ачышчальных збудаванняў у Гарадку і Радашковічах.
Далей Віктар Невяровіч адзначыў: дэпутаты раённага і сельскіх Саветаў добрасумленна выконваюць свае абавязкі, сустракаюцца з выбаршчыкамі асабіста і на сходах, у працоўных калектывах. Да прыкладу, дэпутат абласнога Савета дэпутатаў Алег Мішчанка, дэпутаты райсавета Наталля Вяршыцкая, Ігар Дзятлоўскі, Валянціна Кісель, Клаўдзія Манькоўская, Мікалай Наздрын-Платніцкі, многія дэпутаты сельскіх і пасялковага Саветаў сумесна з работнікамі сістэмы адукацыі і іншых службаў актыўна працуюць у рамках Дэкрэта №18, наведваюць «цяжкія» сем’і, дапамагаюць у працаўладкаванні бацькоў. Словам, становяцца абаронцамі дзяцей, якія знахо-
дзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы.
На ўсіх узроўнях мясцовай улады дэпутатамі за справаздачны перыяд праведзены 5664 прыёмы, прыняты 6458 выбаршчыкаў, разгледжаны 5680 зваротаў.
Цяпер ва ўсіх рэгіёнах краіны вялікую папулярнасць набылі тэлефонныя «прамыя лініі», якія праводзяцца кожную суботу. Яны дазваляюць аператыўна адрэагаваць на звароты грамадзян, вырашыць вострыя пытанні жыццезабеспячэння насельніцтва. У раённым Савеце дэпутатаў такіх праведзена 18, да разгляду прыняты 87 пытанняў. Большасць з іх мае дачыненне да работы жыллёва-камунальнай і дарожнай гаспадарак, асвятлення, добраўпарадкавання вуліц і дваровых тэрыторый, ацяплення, вода- і энергазабеспячэння, пытанняў карыстання зямлёй, транспартнага і медыцынскага абслугоўвання.
Дакладчык спыніўся таксама на дзейнасці органаў тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання, без якіх складана ўявіць развіццё рэгіёна.
Дэпутаты першаснага ўзроўню, старасты (такіх у раёне налічваецца 199 чалавек) трымаюць у полі зроку самыя што ні ёсць «зямныя» праблемы. Найбольш вострыя з іх выносяцца на разгляд сходаў грамадзян – такіх за справаздачны перыяд праведзена 427. У іх актыўны ўдзел прымаюць дэпутаты ўсіх узроўняў, прадстаўнікі выканаўчай улады, кіраўнікі прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў, размешчаных на ўказанай тэрыторыі.
Дарэчы, дзякуючы такім неабыякавым людзям традыцыйнымі сталі ў раёне святы вёсак: за перыяд работы дэпутацкага корпуса 27-га склікання такіх на Маладзечаншчыне праведзена 42. Святы збліжаюць людзей, аб’ядноўваюць прадстаўнікоў розных пакаленняў у адным парыве зрабіць родны кут больш прывабным, мілым сэрцу.
Асаблівая ўвага ў вырашэнні дзяржаўных пытанняў надаецца і Саветам першаснага ўзроўню. Іх старшыні з’яўляюцца каардынатарамі ў забеспячэнні жыццёва важных пытанняў на сваіх тэрыторыях. Гэтыя пасады, як правіла, займаюць людзі з актыўнай жыццёвай і грамадскай пазіцыяй, аўтарытэтныя сярод землякоў. У іх ліку старшыня Чысцінскага сельвыканкама Анатолій Пяцюшык, дэпутат райсавета, старшыня Красненскага сельвыканкама Валянціна Кісель, Маркаўскага – Іван Мацэвіч, Радашковіцкага пассавета – Віктар Неказакаў і Радашковіцкага сельвыканкама – Віктар Капацэвіч, Цюрлёўскага – Уладзімір Кушнярэвіч.
Галоўнымі кірункамі работы мясцовых Саветаў дэпутатаў былі і застаюцца кантроль і арганізацыя мерапрыемстваў па добраўпарадкаванні і падтрыманні належнага санітарнага стану на тэрыторыі раёна, у першую чаргу населеных пунктаў.
Гэта работа праводзіцца круглы год. Знос старога жылля, уборка могілак, высечка старых небяспечных дрэў, выкарчоўванне кустоў, ліквідацыя несанкцыянаваных звалак, наданне эстэтычнага выгляду фасадам жылых дамоў – усё гэта з пераліку работ, якія пастаянна ажыццяўляюцца згодна з мерапрыемствамі па добраўпарадкаванні і навядзенні парадку на зямлі.
За справаздачны перыяд, агучыў некаторыя лічбы дакладчык, у раёне знесена 166 старых дамоў, спілавана 650 аварыйных дрэў. Зманціраваны 66 кіламетраў новых агароджаў, адрамантавана – 85 кіламетраў. У належны санітарны стан прыведзены 67 населеных пунктаў, ліквідавана больш за 496 несанкцыянаваных звалак.
На працягу 2014-2017 гадоў у раёне праходзілі месячнікі па навядзенні парадку на зямлі, добраўпарадкаванні і азеляненні тэрыторый; праведзены 26 суботнікаў з аказаннем дапамогі пассаветам людскімі рэсурсамі і тэхнікай. У работах прынялі ўдзел больш за 180 арганізацый, 14690 чалавек, задзейнічаны 684 адзінкі тэхнікі.
Старшыня райсавета агучыў прозвішчы некаторых з іх: дэпутаты раённага Савета дэпутатаў Святлана Шатроўская, Наталля Люцко, Лебедзеўскага сельвыканкама Антон Апанасевіч, Людміла Скарынка, Таццяна Мялюк, Палачанскага – Анатолій Карповіч, Ніна Станевіч, Чысцінскага – Сяргей Крыловіч, Святлана Купчык, Алег Ляўша, Гарадоцкага – Аляксандр Пішчака, Сяргей Цялюк, Аляхновіцкага – Галіна Руткевіч, Сяргей Іваноў, Цюрлёўскага – Андрэй Паукшта, Радашковіцкага сельскага і пасялковага Саветаў – Міхаіл Шабан і Юрый Агеенка.
Старшыня райсавета перакананы: мясцовыя Саветы дэпутатаў павінны больш цесна працаваць з выканаўчай уладай, бо ёсць праблемы, вырашыць якія без падтрымкі апошняй немагчыма. Важна таксама каардынаваць свае дзеянні з раённым аб’яднаннем арганізацыі прафсаюзаў, Саюзам моладзі, «Белай Руссю», іншымі грамадскімі арганізацыямі. Усе мы робім адну справу, лічыць кіраўнік прадстаўнічай улады.
Раённы савет дэпутатаў, адзначыў Віктар Невяровіч, працуе ў цесным кантакце з органамі выканаўча-распарадчай улады, з кіраўнікамі арганізацый, на якіх «завязана» жыццё раёна. Толькі дзякуючы такой садружнасці ўдаецца вырашаць задачы, якія перад Маладзечанскім раёнам ставіць само жыццё.
Фота: Аляксей ПЛАТКО.