Новости Молодечно и Молодечненского района

Депутат Олег Семенчук принял жителей района в Молодечно и Городке

  • 2020-03-23 06:44:02
  • Лилия Липницкая

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па Маладзечанскай сельскай выбарчай акрузе №73 Алег Семянчук у панядзелак правёў прыём грамадзян.

Два пытанні — абодва прыватнага характару — былі разгледжаны ў Маладзечне. Першае тычылася прыватызацыі жылля ў сельскай мясцовасці. Мужчына прыехаў у аграгарадок, уладкаваўся на работу, яму выдзелілі кватэру. Цяпер ён хоча аформіць яе ва ўласнасць бясплатна. Заяўніку патлумачылі, што гэта магчыма. Але заканадаўствам устаноўлены тэрмін, які чалавек павінен адпрацаваць у гаспадарцы. У іншым выпадку жыллё можна набыць за ўласныя сродкі, у тым ліку ў растэрміноўку на 20 гадоў.

Другое пытанне тычылася налічэння пенсіі. Заяўнік страціў права на льготу, бо некаторы час працаваў па сумяшчэнні. Улічваючы, што ў мужчыны на руках ёсць шмат дакументаў, сабраных за час вырашэння сваёй праблемы, адзінае выйсце тут — звярнуцца ў суд з іскам да прадпрыемства.

Прыём грамадзян прадоўжыўся ў Гарадоцкім сельвыканкаме. Да дэпутата звярнуліся дзявяцера мясцовых жыхароў, якія агучылі каля 15 пытанняў і прапаноў па добраўпарадкаванні вуліц Гарадка, пракладцы сетак водазабеспячэння, навядзенні парадку на замчышчы, адвядзенні расталых і дажджавых вод ад жылых дамоў. Пытанні ўзяты на кантроль.

У час прыёму тлумачэнні давалі старшыня раённага Савета дэпутатаў Андрэй Паўкшта, прадстаўнікі ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама, Гарадоцкага сельвыканкама, камунальных, дарожных службаў, электрасетак, водаканала.

— Работа з насельніцтвам — задача не толькі дэпутатаў, але і ўсіх органаў улады. І яна ў нашай краіне арганізавана на высокім узроўні. Аб эфектыўнасці работы сведчыць той факт, што колькасць грамадзян, якія імкнуцца трапіць на асабістыя прыёмы, зніжаецца. Частка пытанняў вырашана, частка знаходзіцца ў стадыі вырашэння і трымаецца на кантролі. Некаторыя праблемы звязаны з нормамі заканадаўства, і гэта трэба ўлічваць, — адзначыў Алег Семянчук.

У рамках работы ў акрузе дэпутат наведаў таксама ААТ «Беразінскае».

Тэкст і фота: Лілія ЛІПНІЦКАЯ.