Новости Молодечно и Молодечненского района

Департаменту охраны -- 65 лет. Спасибо за службу!

  • 2017-11-01 05:43:50
  • Алег Бяганскі


Віншавалі супрацоўнікаў Дэпартамента прадстаўнікі Узброеных Сіл, пракуратуры, дзяржкантролю, КДБ, МНС, іншых ведамстваў.

Выступоўцы адзначалі значную ролю структуры ў падтрыманні правапарадку ў краіне. Нездарма многія людзі і арганізацыі давяраюць прафесійным ахоўнікам маёмасць, асабліва важныя аб’екты, дарагія грузы.

— За 65 гадоў служба зрабіла сур’ёзны крок наперад, — падкрэсліў начальнік Мінскага абласнога ўпраўлення Дэпартамента аховы Алег Царук. – Нашы падраздзяленні забяспечваюць спакой і правапарадак, абараняюць жыхароў і гасцей рэспублікі ад злачынных замахаў, ахоўваюць аб’екты розных форм уласнасці. Дзякуючы сваім прафесіяналізму, вопыту і ведам супрацоўнікі выдатна спраўляюцца з пастаўленымі задачамі. Іх дзейнасць высока ацэнена ў грамадстве.

Па словах кіраўніка спраў аблвыканкама Уладзіміра Гурыновіча, Дэпартамент аховы поўнасцю забяспечаны неабходнай тэхнікай і ўзбраеннем. Служба заўсёды ў баявой гатоўнасці.

У цэнтральным рэгіёне краіны 24 раённыя аддзелы Дэпартамента аховы, у якіх служаць звыш 3500 чалавек. Падраздзяленні адказваюць больш чым за 20 тысяч аб’ектаў, з якіх каля 9,5 тысячы ахоўваецца з дапамогай сучасных оптавалаконных сістэм.

Сёлета супрацоўнікі Дэпартамента аховы Міншчыны раскрылі больш за 350 злачынстваў, выявілі каля 13 тысяч адміністрацыйных правапарушэнняў.

Сярод узнагароджаных былі і супрацоўнікі Маладзечанскага аддзела Дэпартамента аховы. Мы папрасілі некаторых з іх падзяліцца думкамі.    

— Калі на аб’екце спрацоўвае сігналізацыя, на месцы трэба быць праз некалькі мінут, — расказвае міліцыянер-вадзіцель групы затрымання Мікалай Піліпавец. – Я працую з напарнікам. Калі выязджаем на выклік, абавязкова страхуем адзін аднаго. Выпадкі розныя бываюць. Так, нядаўна затрымалі дэбашыра, які параніў аднаго чалавека і пагражаў іншым. Увогуле, у час дзяжурства трэба быць гатовым да ўсяго.
Сярод абавязкаў міліцыянера роты міліцыі Антаніны Еўшчык – забеспячэнне прапускнога рэжыму ў дзяржаўных арганізацыях. Для гэтага трэба быць пільнай, дакладна выконваць інструкцыі. А яшчэ валодаць прыёмамі самаабароны, умець страляць з табельнай зброі. Заўсёды быць у форме
дапамагаюць рэгулярныя трэніроўкі.

— Служба ў Дэпартаменце аховы – вялікая адказнасць. Гэта работа для прафесіяналаў, людзей фізічна і маральна падрыхтаваных. Вельмі прыемна, што маладыя супрацоўнікі, якія прыходзяць у аддзел, адпавядаюць гэтым патрабаванням, — дадала старшы інспектар групы кадраў Марына Карпуціна.

Фота: Аляксей ПЛАТКО.