Новости Молодечно и Молодечненского района

День Победы отпраздновали в Молодечно (фото)

  • 2017-05-10 13:42:37
  • Алег Бяганскі

Пачаліся ўрачыстасці з ускладання кветак да Вечнага агню ля стэлы ў парку Перамогі. Гірлянды і вянкі былі ўскладзены ад райвыканкама, дэпутацкага корпуса, сілавых структур, ганаровых грамадзян раёна, прафсаюзаў, грамадскіх аб’яднанняў і палітычных партый.

Свята працягвалася на Цэнтральнай плошчы. Многія прыйшлі з партрэтамі радні і блізкіх, якія ваявалі на франтах Вялікай Айчыннай. Святочны настрой не сапсавала нават прахалоднае надвор’е.

Пад гукі аркестра на плошчу выйшлі ваеннаслужачыя 14-га асобнага ордэна Чырвонай Зоркі палка ўрадавай сувязі КДБ Рэспублікі Беларусь. Зводная рота ганаровай варты паказала плац-канцэрт, сувязісты -- добрую выручку і ўзаемадзеянне ў час выканання страявых прыёмаў. Гледачы ўпэўніліся, што беларуская армія гатова абараняць незалежнасць нашай краіны, мірнае жыццё народа.

Удзельнікі ўрачыстасцей накіраваліся да брацкай магілы ў скверы па вуліцы Драздовіча. Калона расцягнулася на сотні метраў. На працягу маршруту школьнікі паказвалі сцэнкі з ваеннага жыцця, музычныя калектывы выконвалі мелодыі ваенных часоў. Былі разгорнуты выстаўкі, прысвечаныя Перамозе.

Ля брацкай магілы адбыўся мітынг-рэквіем «Рэха далёкай вайны».

-- Свята Перамогі стала для беларусаў духоўным фундаментам, на якім грунтуецца нацыянальная ідэя, -- падкрэсліў старшыня райвыканкама Аляксандр Яхнавец. -- Памяць пра подзвігі гераічнага пакалення будзе жыць вечна.

Кіраўнік раённай улады адзначыў, што маладзечанцы ўнеслі вялікі ўклад у перамогу над фашызмам. На фронт былі мабілізаваны звыш дзвюх тысяч нашых землякоў. Аб гераізме і мужнасці ваеннаслужачых Чырвонай Арміі, партызан і падпольшчыкаў сведчаць 113 помнікаў, звязаных з падзеямі Вялікай Айчыннай. Пра ахвяры той вайны на тэрыторыі раёна нагадваюць 64 брацкія магілы і воінскія пахаванні. Сімвалам смутку з’яўляецца мемарыяльны комплекс «Шталаг-342», у якім нямецка-фашысцкія захопнікі закатавалі звыш 33 тысяч чалавек.
Старшыня райвыканкама нагадаў, што ў раёне жыве 97 удзельнікаў Вялікай Айчыннай, 16 з іх – інваліды, 60 – удзельнікі баявых дзеянняў, 17 -- працаўнікі тылу, 2 -- удзельнікі прыфрантавых дарог і 2 -- блакаднікі Ленінграда. Усім, хто перажыў ваеннае ліхалецце, дзяржава аказвае пасільную дапамогу.

Ад імя ўдзельнікаў вайны выступіла Надзея Слюнько. У пачатку Вялікай Айчыннай яна дапамагала параненым у шпіталі. Перамогу сустрэла ў Вільнюсе. Потым была яшчэ вайна з Японіяй...

Гучыць жалобная музыка. Ля брацкай магілы запальваецца Вечны агонь. Аб’яўляецца мінута маўчання. На пастамент кладуцца жывыя кветкі...

Чытайце таксама: Война. Судьбы людские

Фото: Алексей Плотко.