Новости Молодечно и Молодечненского района

Ідэалагічны актыў абмеркаваў пытанні карупцыі, сямейнага насілля і распаўсюджвання наркотыкаў

  • 2018-04-28 07:01:29
  • Алег Бяганскі


Пра работу камісіі па супрацьдзеянні карупцыі расказала начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Соф’я Філістовіч.

— Летась у раёне было распачата некалькі крымінальных спраў карупцыйнай накіраванасці, у тым ліку ў адносінах да кіраўніка філіяла аграфірма «Лебедзева». Увогуле, у рэспубліцы адзначаецца рост карупцыйных праяў у аграпрамысловым комплексе. Аднак сітуацыя знаходзіцца пад кантролем. Праваахоўнікі дзейнічаюць зладжана і эфектыўна. Вялікая ўвага барацьбе з карупцыяй будзе ўдзяляцца і надалей, — падкрэсліла Соф’я Філістовіч.

Начальнік аддзялення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі Маладзечанскага РАУС Дзмітрый Сухоцкі нагадаў прысутным пра небяспеку ўжывання спайсаў і іншых наркатычных сродкаў. Як адзначыў супрацоўнік міліцыі, наркотыкамі пашкоджваюцца ўсе органы і сістэмы чалавека (цэнтральная нервовая, палавая сістэмы, мозг, печань, ныркі). У стане наркатычнага ап’янення многія здзяйсняюць самагубства, гінуць гвалтоўнай смерцю або ўчыняюць злачынствы.
— Колькасць зарэгістраваных злачынстваў па лініі наркакантролю ў раёне паступова зніжаецца. Адбіваецца ўзмацненне жорсткасці мер супраць наркадылераў. Так, за збыт наркотыкаў вінаваты можа атрымаць да 15 гадоў турмы з канфіскацыяй маёмасці. Міліцыянеры пастаянна вядуць маніторынг інтэрнэт-рэсурсаў, выкрываюць схемы распаўсюджвання наркатычнага дурману. Сёлета на Маладзечаншчыне было выяўлена 16 фактаў незаконнага абароту наркатычных сродкаў, — адзначыў супрацоўнік міліцыі.

Выступоўца паведаміў, што на ўліку ў Маладзечанскім псіханеўралагічным дыспансеры стаяць больш за 40 асоб, якія ўжываюць наркотыкі.

Аб мерах сацыяльнай абароны, прадугледжаных ліквідатарам і ахвярам аварыі на Чарнобыльскай АЭС, праінфармавала намеснік начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Людміла Пажарыцкая. Інспектар прафілактыкі Маладзечанскага РАУС Кацярына Костачка пазнаёміла прысутных з мэтамі і задачамі рэспубліканскай прафілактычнай акцыі «Дом без насілля», якая праводзіцца з 18 па 28 красавіка.

Алег БЯГАНСКІ.