Новости Молодечно и Молодечненского района

Ідэалагічны актыў абмеркаваў пытанні харчовай бяспекі і стану правапарадку

  • 2018-01-26 10:49:06
  • Алег Бяганскі

Пра справы ў аграпрамыcловым комплексе раска    заў намеснік начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Сяргей Мілевіч. Ён падкрэсліў, што ў Беларусі сфарміравана даволі эфектыўная сістэма забеспячэння нацыянальнай харчовай бяспекі. Краіна задавольвае свае патрэбы ў харчаванні. Доля імпартных прадуктаў на айчынным рынку складае толькі 15 працэнтаў. Акрамя таго, у рэспубліцы выпускаецца 86 працэнтаў неабходнай сельскагаспадарчай тэхнікі.

Узровень вытворчасці асноўных відаў сельскагаспадарчай прадукцыі ў нас вышэйшы, чым у іншых краінах Еўразійскага эканамічнага саюза. Напрыклад, летась у разліку на кожнага беларуса былі атрыманы 752 кілаграмы малака, 630 — бульбы, 123 – мяса, 386 яек.

Значную ролю ў насычэнні рынку прадуктаў харчавання адыгрываюць сялянскія (фермерскія) і асабістыя падсобныя гаспадаркі. Так, у рэспубліцы створана звыш трох тысяч фермерскіх гаспадарак. Яны даюць звыш 6 працэнтаў пладоў і ягад ад агульнарэспубліканскага аб’ёму, каля 6 працэнтаў бульбы і каля 18 працэнтаў агародніны. На Маладзечаншчыне зарэгістраваны 104 фермерскія гаспадаркі, 67 з якіх ажыццяўляюць дзейнасць.

Па інфармацыі Сяргея Аляксандравіча, асабістых падсобных гаспадарак у рэспубліцы налічваецца каля мільёна. У сувязі са скарачэннем сельскага насельніцтва іх колькасць пастаянна змяншаецца. Летась жыхары сельскіх населеных пунктаў на сваіх участках сабралі больш за 4,8 мільёна тон бульбы, 1,27 мільёна тон агародніны, 559 тысяч тон пладоў і ягад.

Як падкрэсліў С. Мілевіч, у Беларусі вялікая ўвага надаецца якасці прадуктаў харчавання. Адпаведны маніторынг праводзяць некалькі дзяржаўных профільных арганізацый. Даследаванні вядуцца больш чым па 200 паказчыках.

Дзякуючы аб’ёмам вытворчасці і якасці сельскагаспадарчай прадукцыі наша краіна з’яўляецца адным з вядучых экспарцёраў прадуктаў харчавання ў Еўропе. Экспарт наладжаны больш чым у 80 дзяржаў свету. Пастаўкі аграхарчовых тавараў забяспечваюць звыш 8 працэнтаў ВУП рэспублікі і звыш 15 працэнтаў яе сукупнага экспарту.

Стан правапарадку на тэрыторыі Маладзечаншчыны ахарактарызаваў   начальнік раённага аддзела ўнутраных спраў Валянцін Асіповіч. Ён паведаміў, што найбольш вострымі пытаннямі ў вышэйзгаданай сферы былі забеспячэнне выканання правілаў дарожнага руху, папярэджанне крадзяжоў маёмасці розных форм уласнасці і барацьба з п’янствам.  

— На жаль, не ўсе разумеюць, якую небяспеку нясе дарога, — адзначыў начальнік РАУС. – Так, летась да адміністрацыйнай адказнасці былі прыцягнуты 3470 пешаходаў. Сярод пакараных ёсць і тыя, хто не пазначыў сябе ў цёмны час сутак святлоадбівальнымі элементамі.   

Вызначаюцца недысцыплінаванасцю і некаторыя вадзіцелі. Яны парушаюць хуткасны рэжым, ліхачаць на дарогах. На працягу мінулага года за п’янае ваджэнне ў раёне было пакарана звыш 300 чалавек.
Па словах В. Асіповіча, крадзяжы складаюць 73 працэнты ад усіх зарэгістраваных злачынстваў. Нярэдка спакушаюць злодзеяў самі ўладальнікі маёмасці. Таму людзі і арганізацыі павінны больш адказна ставіцца да ўласнасці.

Што тычыцца выканання антыалкагольнага заканадаўства, прыярытэтным напрамкам дзейнасці праваахоўнікаў было і застаецца спыненне нелегальнай вытворчасці спіртнога. Вялікую дапамогу ў гэтым аказвае мясцовае насельніцтва.

Фота: Аляксей ПЛАТКО.